Эрдаган назваў дэвальвацыю нацыянальнай валюты вынікам змовы супраць Турэччыны


Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што рэкорднае падзенне нацыянальнай валюты, ліры, з’яўляецца вынікам «палітычным змовай» супраць Турэччыны.

Выступаючы ў горадзе Трабзон, Эрдаган заявіў:

«Мэта гэтай аперацыі – прымусіць Турэччыну здацца па ўсіх напрамках, ад фінансаў да палітыкі. Мы зноў сутыкнуліся з палітычнай закуліснай змовай. Калі на тое будзе воля Усявышняга, мы з гэтым справімся».

Канфлікт паміж прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам і Эрдаганам распачаўся ў выніку спрэчак па шэрагу пытанняў, адно з іх – арышт амерыканскага пастара ў Турэччыне ў 2016 годзе, якога Анкара абвінавачвае ў шпіянажы. У ліпені турэцкія ўлады вызвалілі пастара-евангеліста з-пад варты, але змясцілі яго пад хатні арышт да судовых слуханняў, нягледзячы на ​​патрабаванні ЗША. Пастару пагражае да 35 гадоў турмы.

На фоне ўзмацнення спрэчкі ў мінулую пятніцу Трамп падвоіў пошліны на імпарт сталі і алюмінію з Турэччыны, што прывяло да падзення курсу ліры на 16 адсоткаў. З пачатку года турэцкая нацыянальная валюта знізілася на 40 адсоткаў. На ранішніх таргах на азіяцкіх біржах у панядзелак курс валюты дасягнуў рэкордна нізкага ўзроўню ў 7,06 ліры за долар ЗША.

«У чым прычына гэтай буры ў шклянцы вады? – спытаў Эрдаган. – Эканамічных прычынаў для гэтага няма. Гэта называецца аперацыя супраць Турэччыны».

Эрдаган зноў заклікаў турэцкіх грамадзянаў прадаваць долары і купляць ліру для ўмацавання валюты, а ўладальнікаў бізнесу – не ствараць запасы амерыканскай валюты.

ІІ, belsat.eu, паводле Голас Амерыкі

Стужка навінаў