Эрдаган не прыедзе ў Менск на гэтым тыдні


Турэцкі прэзідэнт наведае Беларусь «у бліжэйшай будучыні»

«Візіт прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў Беларусь пераносіцца на нявызначаны тэрмін», паведаміла БелаПАН прэс-сакратар кіраўніка беларускай дзяржавы Наталля Эйсмант.

Чакалася, што Эрдаган наведае Беларусь напрыканцы гэтага тыдня. 29 ліпеня прэзідэнт Турцыі меўся ўзяць удзел у цырымоніі адкрыцця Саборнай мячэці ў Менску.

«Візіт рыхтаваўся і рыхтуецца. Магу сказаць зараз сапраўды толькі тое, што ў даты, якія шырока распаўсюдзілі ў інтэрнэце на мінулым тыдні, ён не адбудзецца. Гэта дакладна: на гэтым тыдні яго не будзе», – падкрэсліла Эйсмант.

Паводле прэсавай сакратаркі прэзідэнта, казаць аб канкрэтных тэрмінах візіту пакуль заўчасна, але візіт напэўна адбудзецца.

«Мы можам казаць пра нейкую бліжэйшую будучыню, я думаю, дакладна», – дадала яна.

Кіраўнік мусульманскай грамады імам Зарыф Зулудзі заявіў, што цырымонія адкрыцця Саборнай мячэці перанесеная на верасень, але дакладную дату не назваў.

Афіцыйна візіт Эрдагана не анансаваўся, аднак сайт Беларускай гандлёва-прамысловай палаты паведамляў аб правядзенні 29 ліпеня ў Менску беларуска-турэцкага бізнес-форуму «у межах візіту ў Беларусь прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі Рэджэпа Таіпа Эрдагана».

Пазней фразу пра візіт Эрдагана з сайта БелГПП прыбралі.

На мінулым тыдні турэцкая амбасада заяўляла, што дыпламаты вядуць працу над арганізацыяй візіту Эрдагана ў Менск і што ніякіх распараджэнняў аб адмене візіту ў сувязі з апошнімі падзеямі ў Турцыі не паступала.

Нагадаем, у ноч на 16 ліпеня ў Турцыі была ўчыненая спроба дзяржаўнага перавароту, але да раніцы сілавікі, адданыя Эрдагану, яго падавілі. Сваё падтрыманне Эрдагану выказалі Аляксандр Лукашэнка і беларускае МЗС.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў