«Эпідэміялагічная сітуацыя». Берасцейская школа забараніла бацькам вучняў заходзіць у будынак


Такім чынам адміністрацыя школы вырашыла змагацца з распаўсюдам COVID-19.

У Берасці колькасць людзей, якія заразіліся каронавірусам, адна з самых нізкіх у краіне: паводле звестак на 29 красавіка па ўсей Берасцейскай вобласці – 681 выпадак. Па рэгіёнах чыноўнікі даюць звесткі не кожны дзень.

Школа № 33 у Берасці.
Фота: «Белсат»

Днямі стала вядома, што на каронавірус захварэла настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №33 Берасця. Гэту інфармацыю нам пацвердзілі ў некалькіх крыніцах. Усе пачатковыя класы гэтай школы перайшлі на дыстанцыйнае навучанне. На ўваходзе ў школу, вісіць аб’ява: «бацькі могуць давесці дзяцей да дзвярэй, а далей дзеці ідуць самі». Настаўнікі і працаўнікі школы сітуацыю не каментуюць.

Абвестка пра забарону бацькам ўваходзіць у школу № 33 у Берасці.
Фота: «Белсат»

Школа, дзе працуе захварэўшая настаўніца, знаходзіцца ў прыватным сектары ў раёне Дуброўка. Мінакі, якіх мы сустрэлі побач, пра выпадак захворвання ведаюць і абураныя тым, што школа дагэтуль працуе.

– У нас няма такой інфармацыі, – адказалі «Белсату» у аддзеле адукацыі Берасцейскага гарвыканкаму на пытанне журналіста пра хворых на COVID-19 настаўнікаў і дзяцей у 33-й школе.

Таксама чыноўнікі паведамілі, што ў берасцейскія школы на мінулым тыдні хадзіла каля 40 % дзяцей, на гэтым тыдні іх «стала значна больш», але дакладныя лічбы не назвалі.

Абвестка пра забарону бацькам харчавацца ў школе № 33 у Берасці.
Фота: «Белсат»

На ўмовах ананімнасці мы паразмаўлялі з настаўнікам адной з берасцейскіх школаў.

– Нам нічога не паведамляецца. Максімум могуць скінуць сітуацыю па Viber. Антысептык падвезлі толькі на першым тыдні канікулаў, і тое мала, яго пастаянна не хапае. Асноўная маса дзяцей і настаўнікаў ходзіць у школе без масак, таму што ў масцы асабліва не наседзішся. Не праводзіцца ніякіх нарад, нічога. Раённы, гарадскі і абласныя аддзелы адукацыі нічога не робяць, а дырэктары школаў на сябе ніякай ініцыятывы не бяруць. Адміністрацыя не ведае, што рабіць, калі ў школе з’явяцца заражаныя на каронавірус, усё пушчана на самацёк, – эмацыйна распавёў адзін з настаўнікаў.

Ён таксама распавёў, што ў ягонай школе наведвальнасць – каля 30 %.

АС Belsat.eu

Стужка навінаў