Энергетыкі «заварушыліся» толькі пасля сюжэту. Як «Белсат» дапамог жыхарам Слоніма


З пачатку ліпеня на вуліцах Сінічкіна, Зялёнай і Чырвонаармейскай у Слоніме мяняюць лініі электраперадачаў. Падчас рамонтных працаў жыхары былі вымушаныя абыходзіцца без электраэнергіі ў працоўны час: у гаспадарках размарожваліся лядоўні, нельга было ўключыць пральную машыну або чайнік.

Замоўца працаў – «Слонімскія раённыя электрасеткі». Жыхары спрабавалі туды скардзіцца, але нічога не дамагліся. Ува ўстанове не знайшлося ніводнага чалавека, які б патлумачыў сітуацыю «Белсату».

7 жніўня ў эфір выйшаў наш сюжэт «Слонім без электрычнасці».

На наступны дзень пасля публікацыі «Слонімскія раённыя энергасеткі» ўсё ж прыдумалі, як падлучыць электрычнасць на час правядзення працаў. Пра гэта «Белсату» распавяла адна з гераіняў рэпартажу.

«У выніку і працы працягваюцца, і людзі больш не церпяць, – кажа журналістка Вольга Чайчыц. – Жанчына нам падзякавала».

Беларускія дзяржаўныя арганізацыі не ўпершыню рэагуюць на праблему пасля ўмяшання нашага каналу.

Гэтак, летась нашыя журналісты дапамаглі альшанскім пчалярам спыніць свавольны дэмантаж бортніцкіх домікаў мясцовым лясгасам, вырашылі пытанні прыборкі снегу ў адной з вёсак на Глыбоччыне і сабралі сродкі для жанчыны, якая хацела прадаць нырку, каб пракарміць сваю сям’ю.

Калі вы лічыце, што ў вашай мясцовасці ёсць праблема, з якой могуць даць рады толькі журналісты нашага каналу, дасылайце нам паведамленні праз мабільнае прыкладанне.

ДД

Стужка навінаў