Беларускія чыноўнікі з Мінэнерга рапартуюць, што першы энергаблок Беларускай АЭС у Астраўцы гатовы амаль на 95 %. Другі выкананы на 70 %, піша TUT.by
«Мы ацэньваем гатовасць першага энергаблоку на 95%. Гэта высокая гатовасць. Другі энергаблок гатовы на 70 %. Наступнай важнай падзеяй на пляцоўцы будаўніцтва стане завоз ядравага паліва», – паведаміла Лілія Дулінец, намеснік дырэктара Дэпартаменту па ядравай энергетыцы Мінэнергетыкі Беларусі.
Адметна, што яшчэ 24 верасня генеральны дырэктар расейскай дзяржаўнай карпарацыі ў атамнай энергіі «Расатом» Аляксей Ліхачоў падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам і міністрам энергетыкі Віктарам Каранкевічам заявіў, што першы энергаблок гатовы на 97 %. Але гэтая ацэнка выклікала крытыку не толькі ў эколагаў, але і ў прэм’ер-міністра Беларусі.
Першы энергаблок БелАЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да канца 2019 года, другі – у 2020 годзе.
Што да паставак ядравага паліва, то гэта, паводле міністра энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч, адбываецца «у адпаведнасці з тэхналагічнымі працэсамі».
Каментуючы выказаную напярэдадні намеснікам міністра энергетыкі ЗША Рытай Барануол прапанову аб пастаўках ядравага паліва на БелАЭС, Віктар Каранкевіч сказаў, што пакуль гэта не абмяркоўвалася.
«Гэта новая інфармацыя, я не гатовы яе пракаментаваць. Усе пытанні далейшай эксплуатацыі будзем разглядаць потым. Пакуль гэта не абмяркоўвалася», – цытуе словы Віктара Каранкевіча TYT.BY.
СК belsat.eu