У той час, як кітайскія ўлады сцвярджаюць пра 4515 інфікаваных новым каронавірусам, эксперты з Гон-Конгу кажуць, што сапраўдная лічба можа быць вышэйшая ў 10 разоў.
З заявай пра заніжэнне колькасці хворых афіцыйным Пекінам выступіў дэкан факультэту медыцыны Універсітэту Гон-Конгу Гейбрыел Лян, паведамляе «The South China Morning Post» у Twitter.
Researchers say as many as 44,000 people could be infected with the coronavirus in Wuhan, far more than official figures suggest. pic.twitter.com/KIFaycVW0x
— SCMP News (@SCMPNews) January 28, 2020
Паводле яго, клінічна пацверджаных выпадкаў заражэння павінна налічвацца каля 25-26 тыс. чалавек. Колькасць жа тых, хто заразіўся каронавірусам, але пакуль не мае сімптомаў, можа дасягаць 44 тыс.
Гейбрыел Лян падкрэсліў важнасць прыняцця «драконаўскіх» захадаў, каб не дапусціць глабальную эпідэмію. У прыватнасці, трэба забараніць масавыя сходы ды пераезды.
«Мы павінны быць гатовыя да таго, што гэтая эпідэмія можа стаць глабальнай эпідэміяй», – заявіў навуковец, дадаўшы, што рызыка гэтага «не слабая і не неістотная».
Між тым Дзяржаўны камітэт па пытаннях аховы здароўя Кітаю паведамляе, што па стане на поўнач 28 студзеня ад новага каронавірусу ў краіне памерлі 106 чалавек. Колькасць інфікаваных вырасла да 4515.
МГ belsat.eu