Эксперты распавялі, што будзе з курсам долара да канца года


На гэтым тыдні ў Беларусі долар пачаў упэўнена расці – адносна беларускага рубля. За тры дні на гандляваннях Беларускай валютна-фондавай біржы курс амерыканскай валюты вырас на 2 % (больш як на 4 капейкі), еўра – амаль на 1 % (больш як на 2 капейкі). І толькі расейскі рубель аслаб на 0,2 %.

Усё гэта адбываецца на фоне зніжэння курсу расейскага рубля – валюты асноўнага гандлёвага партнёра Беларусі, ваганні якой рэгулярна адбіваюцца і на беларускім рублі. А курс расейскага рубля за мінулы тыдзень істотна знізіўся – на 2%.

Нафта таннее, а расейскі рубель амаль не рэагуе

На мінулым тыдні ў свеце распачалося рэзкае зніжэнне коштаў на нафту ў сувязі з запаволеннем росту сусветнай эканомікі і павышэннем запасаў і здабычы нафты ў ЗША. Удзельнікі рынку чакаюць 6 снежня, калі павінна адбыцца чарговае пасяджэнне АПЕК. Інвестары асцерагаюцца, што вытворцы не стануць скарачаць здабычу, і ў такім разе можа паўторыцца сітуацыя лістапада 2014 года. Тады Сірыя заблакавала планы па зніжэнні вытворчасці, і спад коштаў працягнуўся. У выніку каціроўкі ўпалі з 71 да 35 долараў на пачатку 2016 года.

Расейскі рубель, а ўслед за ім і беларускі, на цяперашняе падзенне сусветных коштаў на нафту амаль не адрэагаваў, бо сувязь паміж ім і нафтай у апошні час істотна аслабела. Расейскія эксперты прадказвалі, што нават пры падзенні коштаў нафты да 50 долараў за барэль (цяпер нафта маркі Brent гандлюецца на ўзроўні 60,78 долара) на курс валюты РФ гэта моцна не паўплывае.

У 2019 годзе долар можа каштаваць ніжэй за 2 рублі

Але 25 лістапада здарыўся Керчанскі крызіс. Адмыслова, што наперадзе Расею чакае чарговае пагаршэнне адносінаў з Захадам і нават магчымыя санкцыі. Што і адбіваецца цяпер на курс расейскага рубля. Як адзначае вядучы аналітык ГК «Телетрейд» Марк Гойхман, рухі долара, еўра і расейскага рубля ў Беларусі не стануць значнымі ў бліжэйшы месяц. Гэтак, на яго думку, курс долара да канца 2018 года застанецца ў дыяпазоне 2,08 – 2,17 рубля. Для пары еўра/рубель актуальны калідор складзе 2,36 – 2,44 рубля, пары расейскі/беларускі рублі найбольш верагодныя ваганні эксперт чакае ў межах 0,031 – 0,0326 рубля.

А вось у 2019 годзе, мяркуе Гойхман, магчыма пэўнае паслабленне долара з-за заканчэння палітыкі павышэння ставак у ЗША. Еўра, наадварот, здольны ўмацавацца. Гэта можа прывесці да таго, што курс долара сыдзе ніжэй за 2 рублі, а еўра можа стаць даражэй за 2,5 рубля. А вось курс расейскага рубля можа знізіцца да 0,03 рубля, прагназуе эксперт.

МГ, Belsat.eu

Стужка навінаў