Эксперты МАгАтЭ ацэняць БелАЭС. Якіх высноваў можна чакаць ад місіі?


У Беларусь прыехала місія МАгАтЭ, каб ацаніць аварыйную гатовасць на Беларускай АЭС.

Мінулым летам Міжнароднае агенцтва атамнай энергетыкі ўжо выпускала даклад па БелАЭС, у цэлым пазітыўны. Чаго чакаць цяпер?

«МАгАтЭ– не кантрольны орган. Місія МАгАтЭ – гэта развіццё атамнай энергетыкі. Тое, што яны кантралююць, – нераспаўсюд ядравай зброі. Да нас прыязджалі розныя місіі МАгАтЭ, давалі нейкія рэкамендацыі. Як правіла, гэтыя справаздачы не публікуюцца. І няма такога інструменту, як справаздача пра выкананне рэкамендацыяў. Калі яны знойдуць нешта зусім драматычнае, можа, неяк змогуць на гэта паўплываць», – кажа чалец рады грамадскага аб’яднання «Экадом» Ірына Сухій.

Экспертка кажа, што ў 1986 годзе МАгАтЭ не мела прэтэнзіяў да рэактару РБМК, усталяванага на Чарнобыльскай АЭС. Уладам жа прыезд міжнародных экспертаў выгадны, мяркуе Ірына Сухій:

«Улады будуць выкарыстоўваюць гэтую місію як піяр. Што прыехала місія, высока ацаніла нашыя дасягненні і дала рэкамендацыі».

Аргументы супраць АЭС

Ірына Сухій сцвярджае, што запуск АЭС у Беларусі стварае вялікія праблемы:

«У нас дастаткова магутнасцяў для вытворчасці энергетыкі, у нас прафіцыт энергіі. Нават кіраўнік краіны гаварыў: як гэта ўсё будзе інтэграванае ў нашую энергасістэму? Адказаў там, відаць па ўсім, яшчэ няма. Ёсць нейкі план адносна таго, што ўсё трэба электрыфікаваць, у нас цяпер ацяпленне будзе на электрычнасці, электрамабілі, але нават усе гэтыя захады, здаецца, не дазволяць утылізаваць усю электрычнасць, якая будзе вырабляцца. То бок станцыя будавалася відавочна на экспарт, і тое, што Літва не хоча набываць гэтую электрычнасць, – гэта вялікая праблема. З пункту гледжання патрэбы ў электраэнергіі нам не патрэбная была АЭС. З пункту гледжання эканамічнага – у нас цяпер утварылася вялікая запазычанасць, якую трэба будзе аддаваць. З пункту гледжання экалагічнага – не бывае бяспечных АЭС».

Калі запусцяць станцыю

На мінулым тыдні хаду будаўніцтва АЭС праінспектаваў нядаўна прызначаны надзвычайны і паўнамоцны пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч. У Астраўцы ён абмеркаваў тэрміны завяршэння будаўніцтва станцыі.

У канцы верасня расейская дзяржкарпарацыя «Росатом» заявіла, што АЭС у Астраўцы будуецца паводле графіку. Першы блок БелАЭС плануюць запусціць у канцы наступнага года.

У сваю чаргу 22 верасня Аляксандр Лукашэнка распавёў, што папрасіў расейскі бок падоўжыць тэрмін вяртання крэдыту на будаўніцтва АЭС і знізіць працэнтную стаўку. Кіраўнік Беларусі спаслаўся на тое, што Расея парушае тэрміны будаўніцтва і адклала запуск першага рэактару на год.

Глядзіце «Размову дня» пра візіт МАгАтЭ на БелАЭС у нашым вечаровым эфіры. У студыю да Святланы Калінкінай завітае Анастасія Дарафеева з партыі «Зялёныя».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў