Эксперты ААН патрабуюць спыніць перадвыбарчыя рэпрэсіі ў Беларусі


Эксперты ААН 1 ліпеня запатрабавалі ад Беларусі ўстрымлівацца ад гвалту ў дачыненні мірных дэманстрантаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Яны настойліва заклікалі ўрад адмовіцца ад адвольных арыштаў, гвалту і запалохвання адносна актывістаў.

Незалежныя эксперты заявілі, што толькі з 18 чэрвеня прынамсі 200 палітычных актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў, блогераў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці былі арыштаваныя падчас мірных дэманстрацыяў па ўсёй краіне. Пратэсты былі накіраваны на тое, каб прадэманстраваць салідарнасць з амаль 500 іншымі актывістамі, затрыманымі з траўня, калі яны ажыццяўлялі сваё права выдаваць і збіраць подпісы для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты.

«Мы рашуча асуджаем урадавую палітыку масавых арыштаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія мірна ажыццяўляюць свае асноўныя правы», – заявілі эксперты.

Яны таксама асудзілі палітыку і дзеянні, якія абмяжоўваюць права беларусаў на свабоду мірных сходаў і свабоду меркаванняў і іх выказвання.

Затрыманне Іллі Яшына.
Фота: facebook.com/yashin.ilya

Эксперты занепакоеныя тым, што «падыход ўраду да мірных пратэстоўцаў і журналістаў, якія спрабуюць выканаць сваю працу, робіцца ўсё больш гвалтоўным і абразлівым. Мы хацелі б паўтарыць, што абмежаванні правоў чалавека, і асабліва грамадзянскіх і палітычных правоў, надзвычай сур’ёзныя, калі гэта робіцца напярэдадні выбараў».

«Напярэдадні выбарчай кампаніі мы настойліва заклікаем урад неадкладна спыніць пераслед мірных дэманстрантаў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, уключаючы журналістаў і блогераў», – адзначылі прадстаўнікі ААН.

Паводле іх, плюралістычнае асяроддзе, у якім усе людзі могуць бяспечна і свабодна ажыццяўляць сваё права шукаць і распаўсюджваць інфармацыю, а таксама права на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцыяў маюць важнае значэнне для забеспячэння цэласці бягучага выбарчага працэсу і легітымнасці яго вынікаў.

Зварот падпісалі адмысловы спавяшчальнік ААН у пытаннях Беларусі Анаіс Марэн, адмысловы спавяшчальнік ААН у пытаннях свабоды слова Дэйвід Кей, адмысловы спавяшчальнік ААН у пытаннях свабоды суддзяў і адвакатаў Дʼега Гарсія-Саян, адмысловы спавяшчальнік ААН у пытаннях мірных сходаў і аб’яднанняў Клеман Вуле, а таксама адмысловы спавяшчальнік ААН у пытаннях праваабаронцаў Мэры Лолар.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў