Эксперт: Уладзіміра Макея могуць зрабіць ахвярным казлом


Ад спрэчкі Вільні з Менскам у справе БелАЭС залежыць кошт візаў для беларусаў, бо пагадненне аб прыярытэтах партнёрства Еўразвяз і Беларусь падпішуць, толькі калі дасягнуць дамоўленасці наконт электрастанцыі. Еўракамісар у справах палітыкі суседства Ёганэс Ган, які неўзабаве пакідае свой пост, зрабіў гучную заяву на гэты конт. Словы еўракамісара азначаюць, што канфлікт Вільні і Менску вакол БелАЭС выйшаў на еўрапейскі ўзровень. Сітуацыю каментуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Што азначае заява еўракамісара Гана для нас, беларусаў?

Калі ясна адказаць, то гэта азначае, што праблема Астраўца не ёсць праблемай двухбаковых дачыненняў. Гэта ўжо пытанне агульнаеўрапейскага ўзроўню – калі агучана, што ад гэтага залежаць стасункі з Бруселем. Што гэта яшчэ азначае? На гэтым прыкладзе зразумела, што ў Еўрапейскім Звязе, хто б што ні казаў, ад памеру краіны не залежыць яе палітычная вага. Літва – невялікая краіна, але мае роўны голас з іншымі чальцамі Еўрапейскага Звязу.

І гэтая праблема, якую падняла Вільня, якую паступова мэтанакіравана праводзіць Міністэрства замежных справаў Літвы, сведчыць, што дасягнуты агульнаеўрапейскі ўзровень. Безумоўна, для Менску гэта сенсацыя.

Якой у сувязі з гэтым можа быць рэакцыя Менску? Мы ведаем, што праз два тыдні мае адбыцца перапахаванне Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў у Вільні. То бок гэта заява еўракамісара Гана можа яшчэ абвастрыць нашыя дачыненні?

Я б так не ставіў пытання – хоць адказваць за паводзіны афіцыйнага Менску вельмі цяжка, калі магчыма наогул. Я б дазволіў сабе выказаць іншую версію. Мы бачым, што сёння ўсё ж праглядаецца напружанасць у кіроўных колах Менску. Гэта звязана і з чаканнямі ў дачыненні Крамля, вось гэтага пагаднення, якое нібыта падпішуць 8 снежня. А яшчэ больш такое напружанне ўносяць і супярэчлівыя чуткі пра ўжо тыднёвую адсутнасць кіраўніка дзяржавы.

Таму я выказваю такую версію, што Макея, якога ў Маскве лічаць празаходнім беларускім нацыяналістам, могуць зрабіць ахвярным казлом і абвінаваціць у правале тэрмінаў падпісання дакументу аб партнёрскіх дачыненнях.

Мы кажам пра гэты дакумент, над якім працуюць Брусель і Менск, у ім прыярытэты партнёрства. Што гэта за дакумент, і наколькі ён сапраўды важны для нас? Бо мы ведаем, што дагэтуль дачыненні Беларусі і аб’яднанай Еўропы рэгулююць дакументы яшчэ з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. То бок, мы самыя апошнія, хто не падпісаў новых дакументаў.

Так, папросту кажучы, ад гэтага дакументу залежыць кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў. Мы аказаліся самыя багатыя – нават багацейшыя за Расею. Я так з іроніяй кажу: у Беларусі да гэтага часу плацяць 60 еўраў, у адрозненне ад бедных расейцаў, якія плацяць 35. Ім гэта дазваляе існаванне гэтага дакументу, Расеяй ён падпісаны. Перспектыва ўвогуле змрочная: хутчэй за ўсё, з лютага беларусы будуць плаціць 80 еўраў.

То бок фактычна Астравец пэўным чынам звязаны нават з коштамі візаў, які мы мусім аплачваць, прыходзячы ў еўрапейскія амбасады. Ці ёсць магчымасць у Беларусі і Літвы дамовіцца, злагодзіць пытанне Астравецкай АЭС? Бо сам еўракамісар Ган сказаў, што мусіць быць дамоўленасць. Але калі яе не будзе – ці ёсць пэўная плашчыня, у якой мы можам дамовіцца?

Вы ведаеце, з новым прэзідэнтам Літвы звязвалі надзеі, што змякчацца і нармалізуюцца дачыненні, звязаныя з Астраўцом, які ўносіць прыкметны негатыў у двухбаковыя дачыненні. Не відаць, каб новы прэзідэнт Літвы Наўседа неяк па-іншаму сябе паводзіў. Можа, і не жорстка выказваецца, але пазіцыя Вільні нязменная, як і пазіцыя Менску. Што на выхадзе будзе – немагчыма прадказаць. Я думаю, што гэта будзе звязана з нейкімі зменамі, не скажу большага, у дачыненнях Менску і Масквы. Я нагадаю, што Астравец будуецца за расейскія грошы і расейскімі будаўнікамі.

Якія адбудуцца змены між Беларуссю і Расеяй, мы найхутчэй даведаемся на пачатку снежня.

Фота: Mikhail Metzel/TASS

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 08.11.2019

Іншыя тэмы праграмы:

Беларускія і польскія дыпламаты знайшлі дарогу да збліжэння

Падтрымка саюзу з Расеяй падае, а з Еўразвязам расце. Інтэрв’ю з сацыёлагам Андрэям Вардамацкім

Вучэнні «Жалезны воўк 2» на мяжы з Беларуссю. Наш рэпартаж з амерыканскай базы ў Літве

Чаму мільён пратэстуе ў самай багатай дзяржаве Лацінскай Амерыкі?

 

Стужка навінаў