Экс-міністарка абароны Літвы: «Анексія Беларусі ідзе. Лукашэнка адказны»


«У глыбіні сэрца я спадзяюся, што аднойчы ноччу ваш прэзідэнт прачнецца пасля сну, у якім ён убачыць будучыню Беларусі не ў абдымках Крамля», – прызнаецца былая міністарка абароны Літвы, віцэ-старшыня камітэту па нацыянальнай бяспецы і абароне літоўскага парламенту Раса Юкнявічыене. Пра пагрозу з боку Масквы і беларуска-літоўскія адносіны з дэпутаткаю Сейму Літвы гутарыў Сяргей Пеляса.

Як цяпер у Літве ўспрымаюць Беларусь у кантэксце бяспекі? Гэта фармальны саюзнік Расеі ці частка сістэмы бяспекі Расеі і пагроза для Літвы?

Калі казаць пра тое, што думаюць людзі ў Літве, то ў першую чаргу яны думаюць пра Астравец. І гэта таксама датычыць у першую чаргу бяспекі і тых сувязяў, якія існуюць у Беларусі з Крамлём. Усе разумеюць, што гэта не беларускі праект, што гэта праект крамлёўскі, звязаны з гібрыднымі войнамі. Таму адносіны, я б сказала, цяпер горшыя, чым гэта было некалькі гадоў таму. Калі казаць пра палітычныя эліты, тых, хто кожны дзень займаецца пагрозамі і бяспекай, то ў кантэксце NATO, у кантэксце Еўрапейскага Звязу ідзе дыскусія: ці мае Аляксандр Лукашэнка ў руках хоць частку суверэнітэту, каб павярнуць сітуацыю ў бок беларускіх інтарэсаў, а не інтарэсаў Крамля?

Аб’ектыў
Адробленае паліва з БелАЭС будуць перапрацоўваць у Расеі
2019.01.14 21:06

На гэты момант, калі б мяне спыталі пра суверэнітэт: «так ці не?», – я, на жаль, сказала б, што «не», ужо позна.

Але ўсё-такі недзе ў глыбіні сэрца я спадзяюся, або хачу спадзявацца, што аднойчы ноччу ваш прэзідэнт прачнецца пасля сну, у якім ён убачыць будучыню Беларусі не ў абдымках Крамля. Убачыць Беларусь на мапе Еўропы разам з дэмакратычнымі дзяржавамі. Я не ведаю, гэта мара, сон ці, можа быць, доля рэальнага мыслення, але вось пра гэта – можа быць не праз сон – кажуць палітыкі. Гэта таксама вельмі важна для нас, літоўцаў. Я сама і, я думаю, большасць літоўцаў, можа быць, усе – мы не хочам новых жалезных заслонаў з гэтым народам, а, на жаль, цяпер яны будуюцца, і будуюцца праз мілітарызацыю Беларусі. Мы думаем, вядома, пра дзень «ікс»: што будзе, калі, напрыклад, Крэмль пачне нейкую агрэсію супраць балтыйскіх дзяржаваў, і на якім баку будзе Беларусь. Для нас гэта вельмі важна. Я разумею тых палітыкаў у Еўропе, якія думаюць, што, можа быць, трэба спрабаваць размаўляць з рэжымам у Беларусі, з прэзідэнтам Беларусі і ягоным асяроддзем. Можна паспрабаваць, але ў мяне няма вялікіх спадзеваў, бо я бачу ўсё менш і менш суверэнітэту Беларусі.

Такая анексія, не юрыдычная, яна ідзе, і Аляксандр Лукашэнка нясе адказнасць за тое, што Беларусь – толькі фармальная дзяржава на мапе Еўропы.

Hавiны
Літва мяняе прэзідэнта. З кім Лукашэнку дамовіцца пра БелАЭС найпрасцей?
2019.04.15 16:45

У нас часта кажуць, што ў сітуацыі ціску з боку Масквы з мэтай паглыблення інтэграцыі Лукашэнка абараняе не тое каб суверэнітэт Беларусі ці рэшткі суверэнітэту, а сваю ўласную ўладу. Гэта значыць, для яго суверэнітэт Беларусі – гэта ягоны суверэнітэт, ягоная ўлада. Страціўшы рэшткі суверэнітэту, ён страціць і ўладу. У найгоршым выпадку яго адправяць на пенсію, як некаторыя жартуюць, ці ледзь не ў Венесуэлу або яшчэ кудысьці, ці ён будзе губернатарам. Зразумела, што гэта фантастычныя сцэнары, і ён будзе да апошняга супраціўляцца, але апошнімі днямі стала вядома пра тое, што Менск, Лукашэнка, атрымалі два запрашэнні на Захад. Першае запрашэнне – гэта запрашэнне ад Анджэя Дуды, прэзідэнта Польшчы, каб паўдзельнічаць ва ўрачыстасцях, прымеркаваных да юбілею пачатку Другой сусветнай вайны ў Польшчы, куды Пуціна не запрасілі. Другое – гэта саміт «Еўрапейскі Звяз – «Усходняе партнёрства», які пройдзе ў траўні ў Бруселі. Як вы ставіцеся да таго, што кіраўніка Беларусі запрасілі на гэтыя імпрэзы?

Вы ведаеце, я даўно ўжо ўсім кажу, што Беларусь не апошняя дыктатура ў Еўропе.

Пасля анексіі Крыму, я думаю, усе мусілі ўбачыць, што самая вялікая пагроза ад аўтакратычных, дыктатарскіх, мафіёзных, калі хочаце, рэжымаў у Еўропе – у Крамлі. Вядома, я разумею тых людзей, якія сядзелі ў турмах у Беларусі, палітвязняў і гэтак далей. Усё гэта ёсць, я не кажу, што гэта не дыктатура, не аўтакратычны рэжым, але ўсё-такі. І я сыходжу з таго разумення, што, можа быць, мы можам паспрабаваць паказаць Лукашэнку альтэрнатыву, калі не позна. Але ўсё залежыць цяпер таксама ад яго. Я не ведаю, наколькі суверэнныя тыя людзі, якія адчуваюць сябе беларусамі, беларускім народам, і тыя, якія працуюць, напрыклад, у Міністэрстве замежных справаў. Гэта так званая эліта, у добрым сэнсе гэтага слова, якой не хочацца быць толькі губерняй Расейскай Федэрацыі. Наколькі яны могуць паўплываць на Лукашэнку, я гэтага не ведаю. Я думаю, што якраз сыходзячы з гэтага меркавання яго і запрасілі ў гэтыя інстытуцыі. Але трэба яму казаць не толькі добрыя словы, каб ён зразумеў сваю адказнасць.

У выніку агрэсіі Расеі супраць Украіны Беларусь стала пляцоўкай для перамоваў аб сітуацыі на Данбасе. І цяпер Беларусь спрабуе прасоўваць канцэпцыю «Хельсінкі-2», то бок новай вялікай міжнароднай канферэнцыі аб бяспецы, якая пераасэнсуе тое, што адбываецца ў Еўропе, і, можа быць, напіша новыя правілы,бо створаныя ў 70-я гады не дзейнічаюць. Прынамсі для Расеі, якая парушае міжнародныя абавязкі. Наколькі гэта сурʼёзная прапанова, каб Менск стаў такою пляцоўкай для перамоваў? Можа быць, сам факт таго, што ў Менску будуць адбывацца вялікія міжнародныя перамовы, хай нават не вельмі выніковыя, узмоцніць суверэнітэт Беларусі, яе міжнародную субʼектнасць, і гэта пойдзе на карысць, у тым ліку Літве?

Я не ведаю, наколькі гэтая прапанова належыць Беларусі, а наколькі – зыходзіць з Крамля.

Цікава, што яна прагучала некалькі гадоў таму, па-мойму, менавіта з вуснаў міністра Лаўрова [Сяргей Лаўроў – міністр замежных спраў Расеі. – Заўв. belsat.eu].

Вось бачыце, я нават не ведала гэтага і падумала пра тое самае. Я добра памятаю тыя часы, калі я была яшчэ маладой. Я нарадзілася ў Савецкім Саюзе, у акупаванай Літве, і мы памятаем, якую ролю гралі на міжнародных платформах такія дзяржавы-сатэліты, як Польшча і іншыя, якія нібыта былі суверэннымі дзяржавамі, але яны выкарыстоўваліся Савецкім Саюзам у якасці платформаў для вонкавай палітыкі. Я ўпэўненая, што гэтая прапанова зыходзіць з Крамля. Гэтая прапанова – такая, як бы сказаць, гібрыдная вайна, каб усё выглядала мякчэй. Гэта вельмі небяспечна. Перагледзець Хельсінкі – гэта значыць прызнаць тое, што Расея зрабіла з Украінай і перагледзець межы. Я не ведаю, я б вельмі асцярожна глядзела на такія прапановы.

У экспертнай супольнасці аналітыкаў, звязаных з пытаннямі бяспекі ў Літве, ці разглядаецца гіпатэтычны варыянт, што ўдар па мяжы Літвы і Польшчы можа прыйсці не толькі з боку Калінінградскай вобласці, але і з тэрыторыі Беларусі, з боку Горадні? Ці гэта фантастыка?

Так, ёсць сярод экспертаў [такое меркаванне], можаце пачытаць… І амерыканскія эксперты, «RAND Corporation» [амерыканскі аналітычны цэнтр, які працуе на замову ўраду ЗША. – Заўв. belsat.eu], і іншыя эксперты, якія якраз аналізуюць, што і як магло б быць. І падчас натаўскіх вучэнняў заўсёды глядзяць на мапе, хто ёсць хто. Я памятаю такія дыскусіі яшчэ некалькі гадоў таму, якой была б Беларусь у дзень «ікс» – нейтральнай або разам з Расеяй будзе плацдармам нападу на Польшчу ці Літву, балтыйскія дзяржавы. Гэтае пытанне ёсць, яно разглядаецца, і ў мяне няма адказу. Але пакуль што, якраз зыходзячы з таго, што я сказала, у беларускіх узброеных сілаў вельмі мала суверэнітэту. І я думаю, што, на жаль, можа быць і такі сцэнар, што ўжо ніхто і не будзе пытацца прэзідэнта Беларусі, як дзейнічаць.

Гэта быў бы самы чорны сцэнар…

Так.

Спадзяюся, беларусы памятаюць пра агульную гісторыю з літоўскім народам, пра Вялікае Княства Літоўскае. Той жэст, які зараз зрабіў літоўскі ўрад, я маю на ўвазе беларускі надпіс на магіле Кастуся Каліноўскага… Дарэчы, мы гутарым у дзень ягонага павешання на Лукішскім пляцы 155 гадоў таму. Гэта будзе сігналам, што Літва – гэта ўсё ж такі сябар?

Я падтрымліваю гэтае рашэнне і, вядома, я памятаю вельмі добра 1991 год, калі вашы парламентарыі, у той час абраныя людзі, яны прыязджалі да нас. Яны падтрымлівалі нас у тую цяжкую хвіліну. Я сама праводзіла гэтых людзей, у мяне была задача ад Ландсбергіса [Вітаўтас Ландсбергіс – старшыня Вярхоўнага Савету Літоўскай Рэспублікі ў 1990–1992 гг. – Заўв. belsat.eu]. Я якраз была адказная тады як чалец парламенту сустракаць ля мяжы нашых беларускіх сяброў, якія прыязджалі сюды. І нам у Літве, вядома, вельмі балюча, што цяпер у нас такія адносіны, калі іх проста няма. З Украінай, з украінскім народам, з якім мы таксама былі разам у гэтай вялікай дзяржаве, Літоўскім Княстве, у нас вельмі брацкія зараз стасункі. Калі я туды лётаю, то самалёты поўныя, і ўкраінцы вельмі добра ставяцца да Літвы. Я думаю, гэта нашая будучыня, і ад Украіны таксама шмат што залежыць, што будзе з Беларуссю ў будучыні.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 12.04.2019

Стужка навінаў