Экс-мэру Браслава прысудзілі 10 гадоў калоніі, ягонай жонцы - 4 гады


Віцебскі абласны суд 19 траўня вынес прысуд былому мэру Браслава Уладзіміру Дранеўскаму і ягонай жонцы, экс-начальніцы аддзелу эканомікі мясцовага райвыканкама Алене Дранеўскай, якіх абвінавачвалі ў карупцыі, піша TUT.by

Муж правядзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму 10 гадоў, жонка ў калоніі агульнага рэжыму – 4 гады. Абодва пазбаўленыя права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на пяць гадоў

Дранеўскі мусіць кампенсаваць шкоду пацярпелым прадпрыемствам і людзям на суму амаль 37 тысяч рублёў. Сярод пацярпелых – Браслаўскі райвыканкам і прадпрыемства «Браслаў-камунальнік». Разам з жонкай з іх суд спагнаў на карысць пацярпелых 57,6 тысячы рублёў. У асуджаных канфіскавалі кватэру ў Менску.

У сваім апошнім слове перад вынясеннем прысуду Уладзімір Дранеўскі заявіў:

«Я – нармальны чалавек, я – не злачынец, заўсёды жыў па-чалавечы: любіў сваю жонку, гадаваў сыноў, клапаціўся пра бацькоў, працаваў. Дзе б я ні працаваў, усюды дамагаўся поспехаў. Суткамі працаваў сам і прымушаў працаваць іншых. За перыяд маёй працы Браслаўскі раён упершыню ў гісторыі трапіў на абласную дошку гонару і два разы намінаваўся на рэспубліканскую. Многае зроблена, яшчэ шмат чаго магло б быць зроблена. Але..».

Алена Дранеўская падкрэсліла сваю невінаватасць і адзначыла, што ёй складана знаходзіцца ва ўмовах СІЗА.

Уладзіміра Дранеўскага абвінавачвалі па частках 1, 2, 3 арт. 430 (Атрыманне хабару), ч. 3 арт. 426 (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), ч. 1 арт. 209 (Махлярства), ч. 5 арт. 16 (Саўдзел у злачынстве), ч. 2 арт. 431 (Дача хабару), частках 2, 3 арт. 210 (Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), ч. 2 арт. 235 (Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам) Крымінальнага кодэксу.

Паводле следства, хабарамі Дранеўскі нібыта атрымаў амаль 28 тысяч еўраў, пры гэтым дзейнічаў пры дапамозе сваёй жонкі.

Пару затрымалі летам 2018 году – пад вартай яны ўжо амаль 2 гады. Суд над імі цягнуўся з зімы 2019-га.

КА belsat.eu

Стужка навінаў