Экс-дэпутат Дзярждумы РФ: «Пуцін асабіста вельмі баіцца Лукашэнкі»

Пра пагрозу анексіі Беларусі Расеяй і рэйтынг Уладзіміра Пуціна, які падае, а таксама пра тое, навошта Крэмль амбасадарам у Менск прызначыў Бабіча – у інтэрв’ю Аліны Коўшык з Іллём Панамаровым. Ён быў адзіным дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расейскай Федэрацыі, які галасаваў супраць анексіі Крыму Расеяй. Палітык праз крымінальны пераслед уладамі РФ вымушаны жыць за мяжою – у Кіеве. Інтэрв’ю запісалі для перадачы «Прасвет» на «Белсаце» падчас Варшаўскагу форуму бяспекі, дзе Ілля Панамароў быў адным з дваіх расейцаў, якія бралі ўдзел у панэльных дыскусіях.

Калі верыць даследаванням «Левады», Пуцін губляе сваё падтрыманне. Гэта незваротны працэс у Расеі?

Безумоўна, думаю ён губляе, бо колькі часу перабывае ва ўладзе. Палітычны лідар не можа захоўваць падтрыманне бясконца доўга. Яму патрэбныя нейкія надзвычайныя захады для таго, каб гэты ўзровень падтрымання неяк захоўваць.

Якія гэта надзвычайныя захады?

Папярэднім разам гэта быў Крым у 2014-ым годзе, бо ўзровень падтрымання Пуціна ўжо апускаўся прыкладна на той узровень, дзе ён цяпер. Тады адбылася анексія Крыму. Рэйтынг узляцеў да нябёсаў, але гэты наркатычны зарад скончыўся за чатыры гады.

Ці можа гэты наркатычны зарад падняць анексія Беларусі? Нас увесь час палохаюць, што Пуцін можа анексаваць Беларусь, і беларусы рэальна гэтага баяцца.

З пункту гледжання задачы росту папулярнасці, на жаль, так, можа. Ёсць, вядома, пытанне, як гэта падаваць насельніцтву. Бо адная справа – гэта аб’яднанне двух брацкіх народаў, іншая справа – захоп тэрыторыі. Правесці такую анексію, як з Крымам, цяжка. Але я думаю, цяпер галоўная задача Пуціна інакш паўплываць на структуру ўлады ў Беларусі. Пры ўсёй супярэчлівасці фігуры Лукашэнкі. Ёсць відавочныя плюсы і мінусы, але Пуцін яго як асобу вельмі моцна баіцца. Бо яны палітыкі, у прынцыпе, аднаго тыпу. Г.зн. даволі папулісцкія, нясуць на сабе маску такой народнасці. Я думаю, што Пуцін не хацеў бы змагацца з Лукашэнкам у выбарах.

Гэта ўсё ж такі маларэальны сцэнар. Хутчэй за ўсё Пуцін будзе рабіць усё, каб прымусіць Лукашэнку, трымаць яго на прывязі.

Я пра гэта і кажу. Ён цяпер прызначыў вельмі цяжкага і небяспечнага чалавека, Міхаіла Бабіча, амбасадарам у Беларусі. Бабіч – адмысловец у выбарах. У свой час ён хацеў прызначыць яго ва Украіну, але, у тым ліку намаганнямі вашага пакорлівага слугі, атрымалася гэты сцэнар перадухіліць. Мы інфармавалі ўсіх: хто, што, як і чаму. Галоўная функцыя Бабіча – выбары, таму я ўспрымаю ягонае прызначэнне ў Беларусь выключна ў кантэксце транзіту ўлады 2019-га года. Я думаю, што Масква прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб у Беларусі адбыліся нейкія перамены.

Якія змены выгадныя Расеі?

Думаю, што цяпер галоўная задача – прыбраць Лукашэнку як небяспечнага харызматычнага лідара. Пасадзіць каго-небудзь, хто б быў больш пад кантролем, а далей паглядзець, як справы пойдуць. Я б ставіў на такі сцэнар.

Агулам эксперты кажуць, што Лукашэнка і так дастаткова падкантрольны Пуціну і не будзе рабіць такіх рэзкіх крокаў.

Я не думаю, што Лукашэнка падкантрольны Пуціну. Лукашэнка перш за ўсё падкантрольны Лукашэнку. Ён як раз прафесіянал манеўравання паміж рознымі цэнтрамі сілы, якія дакладна ведаюць, чаго ён хоча, і адпаведна дзеюць, зыходзячы са сваіх уласных уяўленняў пра дабро і зло. Патрэбная ў гэтай сітуацыі чыстая марыянетка, якая б выконвала каманды. Насамрэч, я не выключаю, што Пуцін можа бачыць сцэнар з абʼяднаннем Расеі і Беларусі ў якасці сцэнару транзіту ўласнай улады ў 2024 годзе. Бо калі цяпер, адпаведна, пасадзіць лаяльнага чалавека, які на ўмовах Расеі пачне рабіць нейкія інтэграцыйныя працэдуры, то як раз атрымаецца да 2022–2023 года выйсці на нейкі абʼяднальны акт. Потым правесці агульныя выбары, пасля чаго Пуцін зноў будзе легітымным прэзідэнтам, але толькі ўжо адпаведна абʼяднанай дзяржавы.

Што можа зрабіць Беларусь, каб перадухіліць гэты сцэнар?

Мне здаецца, вам вельмі моцна варта глядзець на поўдзень. У бок Украіны. Там добра бачныя ўсе плюсы і мінусы, якія з гэтым звязаныя. Украінцы свой выбар зрабілі. Беларусы таксама, напэўна, мусяць зрабіць свой. Не выключаю, што ваш выбар будзе на карысць Расеі, а, можа быць, на карысць Еўропы. А, можа, на карысць нейкага іншага сцэнару. Галоўнае для любога палітыка – не баяцца размаўляць з людзьмі і даваць ім магчымасць гаварыць.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Фота: Krzysztof Zuczkowski / FORUM

Hавiны