Экалагічная катастрофа: у Нёмне масавы мор рыбы

Рыбакі лічаць, што рыбу знішчылі атрутныя рэчывы.

Фота: Belsat.eu

У гарадзенскім Нёмне масава гіне рыба. Праз гэта Літва нават накіравала ноту Беларусі – маўляў, Нёман забруджаны. Адна з версій, паводле Гарадзенскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, – вада занадта моцна прагрэлася, рыбе не хапае кіслароду, вось яна і гіне.

Фота: Belsat.eu

Але гарадзенскія рыбакі ў версію недахопу кіслароду не вераць і лічаць, што рыбу знішчылі атрутныя рэчывы, якія трапілі ў рэчку.

Біць у званы гарадзенскія рыбакі пачалі яшчэ 12 чэрвеня, калі ля берагоў Нёмну ў межах Горадні стала з’яўляцца мёртвая рыба.

13 чэрвеня спецыялісты Гарадзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ды Інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правялі лабараторныя даследаванні. Папярэднія вынікі – вада не атручаная. А прычына мору – высокая тэмпература. Нібыта вада ў Нёмне прагрэлася да 30 градусаў. Праз гэта ў рэчцы зафіксавана нізкае ўтрыманне кіслароду. У некаторых месцах ракі гэты паказчык складаў прыблізна 1,6 мг на 1 куб. дм. вады, у той час калі прымальная норма для жыццядзейнасці рыбы – хаця б 6 мг на 1 куб. дм.

Фота: Belsat.eu

Гарадзенскія рыбакі лічаць, што вада ў Нёмне не магла так моцна нагрэцца літаральна за некалькі дзён, і таму ў версію, агучаную спецыялістамі, не вераць.

Гарадзенец Валер Воўк, рыбак са стажам, перакананы, што ў ваду аднекуль трапілі атрутныя рэчывы, бо на паверхні вады была заўважна масляністая плёнка.

Фота: Belsat.eu

– Я з дзяцінства лаўлю рыбу на Нёмне. І ў гэтую лухту пра 30 градусную тэмпературу вады ніколі не паверу. Тут не Афрыка. Кіслароду можа не хапаць узімку, пад ільдом, альбо ўлетку, напрыклад, пад масляністай плёнкай. Вінаватая толькі хімія. Трэба знайсці і пакараць «паразітаў» хто б яны не былі, – распавёў эмацыйна Валер Воўк.

Экалагічным здарэннем на Нёмне занялася таксама мясцовая пракуратура.

Belsat.eu

Hавiны