Рэха абароны Курапатаў. Над актывістам Уладзімірам Яроменкам усталявалі прэвентыўны нагляд

Цягам шасці месяцаў актывіст «Маладога фронту» Уладзімір Яроменак не зможа выязджаць з Беларусі, знаходзіцца на вуліцы пасля 22 гадзіны і будзе вымушаны адзначацца ў міліцыі.

Пра тое, што Яроменак атрымаў прэвентыўны нагляд, паведаміў Зміцер Дашкевіч.

«Атрымаў толькі што паўгады прывентыўнага нагляду і паехаў збіраць кешарок (кешэр – торба, заўв. belsat) на трохсуткавы арышт за леташнюю абарону Курапатаў», – напісаў Дашкевіч у сваім Facebook.

Высветлілася, што Уладзімір Яроменак не адседзеў 3 содняў арышту, якія яму прысудзілі яшчэ ў мінулым годзе. Са словаў Яроменка, ён дазнаўся пра гэтыя содні толькі два дні таму.

Прэвентыўны нагляд быў усталяваны, бо Уладзімір «назбіраў» 3 парушэнні: два за 2017 года і адно за гэты. Два парушэнні ў 2017 годзе тычыліся абароны Курапатаў. А вось пра сёлетняе парушэнне маладафронтавец даведаўся толькі сёння. Як высветлілася, яго асудзілі за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы.

Чаму спатрэбілася ўжыць такія захады, Уладзімір не разумее.

«Падаецца, што ж усё ціха было, спакойна. У мяне была тысяча планаў, а цяпер… Не разумею, што адбываецца», – сказаў Уладзімір Яроменак.

Нагадаем, што Уладзімір Яроменак быў фігурантам крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі ў Менску 19 снежня 2010 года. Яго прысудзілі да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Але ў жніўні 2011 года Яроменка памілавалі.

У 2017 годзе Уладзімір разам з іншымі актывістамі бараніў Курапаты ад забудовы.

ГА, belsat.eu

Hавiны