Дзяўчыну, якая абразіла беларускую мову, звольнілі з працы


Айцішніца Вольга Малкіна, якая ў снежні 2019 года пакінула ў «Фэйсбуку» абразлівы допіс пра беларускую мову, больш не працуе ў EPAM. Пра гэта паведамляе dev.by.

Раней стала вядома, што міліцыянты распачалі адміністратыўную справу за каментар Вольгі Малкінай у сацыяльнай сетцы, у якім утрымліваецца абраза беларускай мовы.

Фота са старонкі Вольгі Малкінай у Facebook

У EPAM пацвердзілі, што дзяўчына больш не працуе ў кампаніі, але не ўдакладнілі, ці звязана гэта з яе допісам у сацсетках:

«Працоўныя стасункі былі спыненыя паводле пагаднення бакоў. Мы паважаем права кожнага чалавека на недатыкальнасць прыватнай інфармацыі і, згодна з палітыкай кампаніі, не каментуем дэталі»

У EPAM адзначылі, што паважаюць права кожнага на асабістае меркаванне і свабоду выказванняў. «Пры гэтым, калі паводзіны працаўніка ідуць насуперак карпаратыўнай культуры і могуць быць абразлівымі для іншых, або парушаць нормы заканадаўства, мы пакідаем за сабой права рэагаваць на сітуацыю», – дадалі ў кампаніі.

Дырэктар hr-агенцтва KIAT Ігар Кочатаў у гутарцы з dev.by адзначыў, што замежныя кампаніі часта цікавяцца паводзінамі працаўнікоў у інтэрнэце:

«Дазваляеш сабе радыкальныя экстрэмісцкія заявы, нават банальны сексізм або ксенафобію – будзь гатовы, што ў заходняй кампаніі знойдуць прычына расстацца з табой. Але магу сказаць, што і там, і тут людзі знойдуць сабе працу – асабліва калі яны профі. Некаторыя кампаніі, асабліва буйныя публічныя, вывучаюць, які «шлейф» цягнецца за чалавекам. Але ёсць і такія, якія глыбока капаць не будуць – сваю справу ведае, ангельскай валодае, ну і бярэм. Цяпер жа такі попыт на спецыялістаў».

Скандальная гісторыя мела месца ў 2019 годзе. Вольга Малкіна ў сваім Facebook напісала, што ведае «чатыры мовы, апроч мовы праграмавання»:

«Натуральна, у ****** беларуская мова не разглядалася для вывучэння. Наўмысна. Вучыце сваю б **** мову самі»..

Карыстальнік Fаcebook Глеб Сандрас накіраваў заяву ў міліцыю з просьбай прыцягнуць да адказнасці дзяўчыну за абразу беларускай мовы (арт. 9.22 КаАП – «Парушэнне заканадаўства аб мовах»). У адказе, які ён атрымаў, адзначаецца, што міліцыянты распачалі адміністратыўную справу.

Hавiны
Дзяўчыну, якая абразіла беларускую мову, могуць аштрафаваць
2020.01.21 17:16

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў