Дзяўчаты і зоркі з мінулага. Хто дапамагае Лукашэнку ў агародзе?


Кіраўнік Беларусі славіцца сваёй любоўю да працы на зямлі. Але ўласнаручна справіцца са сваймі латыфундыямі ён не можа. Таму, відаць, і кліча на дапамогу то дзяўчат, то вядомых зорак з мінулага. Мы ж паглядзелі, хто дапамагаў Аляксандру Лукашэнку збіраць ураджай за апошнія пяць гадоў.

Сёлета беларускаму кіраўніку збіраць 20 тонаў кавуноў дапамагалі дзяўчыны. Мяркуючы па афіцыйных фота, на дапамогу прыйшло не менш за восем дзеўчын, якія не толькі пазіравалі для камераў, але і цягалі кавуны ў трактар.

Дзяўчаты дапамагаюць Лукашэнку збіраць кавуны.
Фота: president.gov.by

Дапамагалі Лукашэнку дзяўчыны і ў 2018 годзе. Іх тады таксама было каля дзясятку. Быў заўважаны і бізнесовец Юрый Чыж, які да таго быў у зняволенні. У той раз атрымалася сабраць 60 тонаў бульбы і 42 тоны кавуноў на агульнай плошчы больш за 3 гектары. У Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы адзначылі, што гэта далёка не ўсе ўчасткі, дзе збіраўся ўраджай.

Сярод іншых Лукашэнку дапамагалі бізнесовец Сяргей Цяцерын і трэнер ХК «Юнацтва» Міхаіл Захараў, які сёлета стаў галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай.

У 2018 годзе дзяўчыны дапамаглі капаць бульбу.
Фота: president.gov.by

На фота з 2017 года дзеўчын не бачна. Толькі сам Аляксандр Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем збіраюць бульбу – агулам 105 тонаў.

Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі разам капаюць бульбу.
Фота: president.gov.by

У 2016 годзе паглядзець, як збіраюцца кавуны, прыляцеў зорка 1990-ых Стывэн Сігал. Але сам ён у бітве за ўраджай не ўдзельнічаў, толькі назіраў збоку, паведамлялі ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. Таксама яго пакармілі беларускімі прадуктамі.

Амерыканскі актор знаёміцца з беларускімі кавунамі.
Фота: president.gov.by

На кадры ў полі таксама траплялі хакейны трэнер Міхаіл Захараў, бізнесовец Аляксандр Шакуцін, памочнік прэзідэнта-галоўны інспектар па Менскай вобласці Мікалай Корбут.

У 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка бульбу збіраў без зорак і дзяўчын. Але ж у шыкоўным галаўным уборы. Тады ўдалося сабраць 70 мяхоў бульбы.

Адзінокі Лукашэнка на бульбяным полі.
Фота: president.gov.by

А вось касіць траву яму дапамагаў былы французскі актор і ганаровы ўдмурт Жэрар Дэпард’ё, які сёлета атрымаў на 99 гадоў участак у Менскім раёне.

Ідылічнае пастаральнае фота ад president.gov.by

Кідацца ж кавунамі падчас уборкі ўраджаю кіраўнік Беларусі пачаў ужо ў 2014 годзе. Тады яму ў рэзідэнцыі «Дразды» дапамагаў сын Коля ды мясцовыя працаўнікі.

Пры такім збіранні ўраджаю – галоўнае злавіць і не ўраніць.
Фота: president.gov.by

Права дапамагаць у такім важным моманце было даверана таксама асабістай лекарцы кіраўніка дзяржавы Святлане Канашэнка і ўжо ўзгаданаму Сяргею Цяцерыну.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў