Дзяржсакратар ЗША жорстка раскрытыкаваў Расею і Кітай


Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэёў заявіў, што Расея і Кітай з’яўляюцца пагрозай, і заклікаў NATO пасталець і пачаць супрацьстаяць праблемам. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Дзяржсакратар выступаў у Берліне за дзень да 30-й гадавіны падзення Берлінскай сцяны. Пампэёў сказаў, што пасля тых падзеяў Захад збіўся са шляху. Ён адзначыў, што ЗША і іх саюзнікі павінны абараняць тое, што было заваявана з такой цяжкасцю ў 1989 годзе, і ўсведамляць, што яны канкуруюць з несвабоднымі краінамі ў пытанні каштоўнасцяў.

«Мы лічылі, што можам перамясціць нашыя рэсурсы з вайсковых саюзаў, з нашых узброеных сілаў. Мы памыляліся», – сказаў ён.

«Сёння Расея, якая кіруецца былым працаўніком КГБ, які працаваў у Дрэздэне, урываецца да сваіх суседзяў і знішчае палітычных апанентаў», – дадаў ён.

Расейскія ўлады, паводле Пампэёў, «выкарыстоўваюць паліцэйскія рэйды і катаванні супраць крымскіх татараў і ўкраінцаў, якія супрацьстаяць расейскай агрэсіі». Расея, адзначыў Пампэёў, таксама «душыць незалежнасць Праваслаўнай царквы ва Украіне», піша golos-ameriki.ru.

Пампэёў таксама раскрытыкаваў рэпрэсіўную палітыку Кітая.

«У Кітаі Камуністычная партыя стварае новую мадэль аўтарытарызму», – сказаў ён.

Пампэёў абвінаваціў Пекін у задушэнні кітайскага народу, забароне крытыкам рэжыму выязджаць за мяжу і пераследзе сваякоў мусульманаў з Сіньцзяне, якія вырашылі папрасіць прытулку ў замежных дзяржавах.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў