Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэёў пацвердзіў у сваім Twitter візіт у Менск, што адбудзе 4 студзеня наступнага года.
«У прадчуванні паездкі ва Украіну, Беларусь, Казахстан, Узбекістан і Кіпр у новым годзе, каб сустрэцца з калегамі і пацвердзіць прыярытэты ЗША ў Еўропе і Паўднёвай Цэнтральнай Азіі», – напісаў Майк Пампэёў у сваім Twitter.
Excited to travel to Ukraine, Belarus, Kazakhstan, Uzbekistan, and Cyprus in the new year to meet with counterparts and affirm U.S. priorities across #Europe and South Central Asia.
— Secretary Pompeo (@SecPompeo) December 30, 2019
Беларускі МЗС пацвердзіў, што візіт адбудзецца 4 студзеня, падчас якога плануюцца сустрэчы з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам і Міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем, піша TUT.by.
«Мы рыхтуемся да такога мерапрыемства ў кантакце з амерыканскім бокам. Рабочы візіт Дзяржаўнага сакратара ЗША Майкла Пампэёў у Беларусь плануецца 4 студзеня. Актуальнай праграмай прадугледжаны перамовы на вышэйшым узроўні, сустрэча з Міністрам замежных справаў Беларусі Уладзімірам Макеем і іншыя мерапрыемствы. Чакаецца, што будзе абмеркаваны ўвесь спектр пытанняў беларуска-амерыканскіх адносінаў і тэматыка рэгіянальнай бяспекі», – распавёў прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Пра тое, што Беларусь з афіцыйным візітам наведае Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэёў 26 снежня паведаміла выданне Foreign Policy. Дзяржсакратар ЗША прыедзе ў Менск упершыню за ўсю гісторыю беларуска-амерыканскіх дачыненняў.
Раней, 29 жніўня сёлета Беларусь з афіцыйным візітам наведваў цяпер ужо былы дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан. У Менску ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Размова кіраўніка Беларусі і дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы доўжылася больш за дзве гадзіны. Болтан назваў сустрэчу «вельмі важнай», хоць яны з Лукашэнкам «і не прыйшлі да нейкіх канкрэтных рашэнняў».
СК belsat.eu