Дзярждэп ЗША абвінавачвае РФ у масавых парушэннях правоў чалавека


У Крыме і Данбасе людзей выкрадаюць, катуюць, незаконна змяшчаюць у псіхіятрычныя клінікі, сцвярджаецца ў дакладзе Дзярждэпартаменту. У самой Расеі запанавала атмасфера беспакаранасці.

Пасля распачатай у 2014 годзе акупацыі Крыма і яго незаконнага далучэння да РФ «расейскія спецслужбы паслядоўна ўмацоўвалі ў Крыме свой кантроль і парушалі правы чалавека», гаворыцца ў штогадовым дакладзе па правах чалавека Дзярждэпартаменту ЗША, піша dw.com.

На тэрыторыі анексаванай паўвыспы зафіксаваныя выкраданні, катаванні, незаконнае змяшчэнне ў псіхіятрычныя больніцы, жорсткае абыходжанне з затрыманымі, «жорсткія абмежаванні свабоды слова і свабоды сходаў, а таксама» сістэмная дыскрымінацыя крымскіх татараў і этнічных украінцаў».

У 2014-2018 гадах у Крыме ахвярамі выкраданняў сталі 42 чалавекі, 12 з іх зніклі без вестак, адзін знойдзены памерлым, двое былі афіцыйна затрыманыя і 27 адпушчаныя на волю.

«Расейскія акупацыйныя ўлады не правялі належнага расследавання выпадкаў смерці і знікненні людзей«, – падкрэсліваецца ў дакладзе. Акрамя таго, у гэты перыяд на псіхіятрычнае абследаванне супраць сваёй волі былі адпраўленыя 17 крымскіх татараў», – адзначаецца ў дакладзе.

Катаваннямі, незаконнымі затрыманнямі і выкраданнямі людзей займаліся і «узначаленыя Расеяй сілы ў Данбасе», якія таксама «здзяйснялі гендарны гвалт» і «душылі свабоду выказвання меркаванняў». Расея перашкаджае правядзенню расследаванняў меркаваных парушэнняў правоў чалавека на гэтых тэрыторыях, робяць выснову аўтары дакладу.

У частцы дакладу, непасрэдна прысвечанай РФ, адзначаецца, што грамадзянскія ўлады ў Чачні толькі часткова кантралююць мясцовыя сілы бяспекі, падпарадкоўваюцца Рамзану Кадыраву. Улады Чачні могуць быць звязаныя з адвольнымі пакараннямі смерцю, у тым ліку прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.

Урад РФ «не зрабіў належных крокаў для судовага пераследу або пакарання большасці службовых асоб, якія ўчынілі злоўжыванні, што прывяло да атмасферы беспакаранасці» у краіне, паказана ў дакладзе Дзярждэпартамента ЗША.

Hавiны
NATO супраць тыраніі. Першая вайна за правы чалавека
2019.03.13 20:25

СК, belsat.eu

Стужка навінаў