«Дзяржава забярэ ў вас дзяцей». Чачэрскія ўлады ціснуць на мясцовую сям’ю, каб не падтрымлівалі Ціханоўскага


Чачэрскі РАУС пагражаў сям’і Маславых адабраць дом і дзяцей, калі бацька не перастане хадзіць на пікеты ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага.

Пра гэта нам паведаміў Сяргей Маслаў, 40-гадовы бацька чацвярых дзяцей. Пагрозы пачаліся яшчэ ў траўні, калі мужчыну пасадзілі на 15 содняў пасля акцыі, на якой кармілі галубоў у Гомлі:

«Ад 7 па 22 траўня я быў у ІЧУ Гомля, даседжваў содні ў Чачэрскім РАУС. Кіраўнік нашага РАУС яшчэ тады пачаў казаць, што калі я не супакоюся і буду працягваць хадзіць на пікеты, то зробіць жыццё такое, што мне давядзецца з раёну з’ехаць».

31 траўня Сяргея затрымалі яшчэ раз. Таго дня быў пікет у падтрымку Сяргея Ціханоўскага ў Гомлі:

«У мінулую нядзелю я ішоў купляць цыгарэты. Я адышоў ад дому на сто метраў, калі спераду з міліцэйскай машыны выйшаў адзін. Ён прадставіўся, але дакументы не даставаў, нічога не паказваў. З двух бакоў пад’ехалі яшчэ дзве машыны. Тыя людзі былі ў цывільным, кіраўніка РАУС я пазнаў, ведаю ў твар. Самі машыны таксама былі не міліцэйскія. З кішэняў усё вывернулі, тэлефон выключылі. Ад раніцы да 7-ай вечара пратрымалі. Распытвалі пра нейкія аварыі, нейкія крадзяжы, час цягнулі. Праўда, каву зрабілі, па цыгарэты з’ездзілі ў краму. Але пратрымалі ні за што».

Сяргей Маслаў разам з сямʼёю

Мужчына кажа нам, што лейтэнанты да яго звярталіся добра, а вось з боку кіраўніка Чачэрскага РАУС Уладзімера Бухаўцова быў ціск:

«Я з лейтэнантам сядзеў і тлумачыш, што мяне выкралі, што больш за 3 гадзіны трымалі без вады і ежы. Гэта ўжо расцэньваецца як катаванне. Лейтэнант плячыма паціскае: «А што я зраблю? Мне сказалі цябе тут трымаць». Кіраўнік РАУС сказаў, што ў наступны раз буду размаўляць з псіхіятрам. Я так зразумеў, што папросту хочуць мне намаляваць дыягназ, каб потым у псіхушку».

Работнікі Чачэрскага РАУС пагражалі і Сяргею, і яго жонцы:

«Казалі, што калі я не супакоюся, то мне ад двух да пяці год дадуць, дзяцей забяруць. Калі я сказаў, што жонка падасць у вышук, то да яе паехаў міліцыянт, таксама пагражаў: «Калі не супакоіце свайго мужа, то мы будзем дзейнічаць зусім па-іншаму. У вас пабудаваны дом ад дзяржавы. Мы яго забярэм. Падставы мы знойдзем, паверце. Калі нам скажуць, мы прыедзем, дзяцей забярэм. Дзяржава ў вас дзяцей забярэ». У мяне чацвёра дзяцей, старэйшаму сыну 16, дачкам 14, 10 і 6».

Момант затрымання Сяргея знялі фотакарэспандэнты TUT.BY

У нядзелю 7 чэрвеня міліцыянты ўжо сцераглі дом, каб затрымаць Сяргея, калі ён выйдзе на пікет у падтрымку Сяргея Ціханоўскага ў Гомлі.

«Пазаўчора а пятай раніцы я выйшаў з дому, аўтаспынам паехаў на Гомель. Толькі я дабраўся да Гомля – мне даслалі фотаздымак, што яны ўжо стаяць а палове восьмай раніцы. У нас аўтобусы на Гомель а восьмай-палове дзявятай ездзяць. Назад я ўлез праз задні двор у вакно, каб яны не бачылі. Пераапрануўся, выйшаў да сябе на ганак. Яны пабачылі, што я дома, і толькі тады з’ехалі».

Людзі ў гэтай машыне пільнуюць Сяргея

Без каментароў…

Belsat.eu два дні запар тэлефанаваў у Чачэрскі РАУС, але кіраўнік Уладзімер Бухаўцоў і яго намеснікі слухаўку не падымалі. Дзяжурная служба даць каментар не магла. Таксама не адказалі на нашыя тэлефанаванні ў Гомельскім РАУС.

Ала Гулевічдырэктарака аддзелу адукацыі Чачэрскага райвыканкаму адмовілася каментаваць сітуацыю ў сямʼі Сяргея Маслава. Адказны спецыяліст за апеку Чачэрскага райвыканкаму Алена Герасімава сказала, што не ў курсе справы аб магчымым пазбаўленні бацькоўскіх правоў Маслава. У камісіі па справах непаўнагадовых Чачэрскага райвыканкаму паведамілі, што мясцовая міліцыя нікому не пагражала адабраць дзяцей.

Што трэба рабіць, калі на вас ціснуць супрацоўнікі міліцыі, каментуе юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксей Лойка: «Тут некалькі момантаў. Пагражаюць адабраць дзіця. Дзіця з-за подпісаў, з-за ўдзелу ў масавых мерапрыемствах нельга адабраць. Сёння дакладна распісаныя ўмовы, калі можна паставіць на ўлік. Што датычыцца, калі чалавека каля дому вартавалі. Гэта нашыя бюджэтныя грошы. Пра ўсё гэта трэба пісаць у кіраванне асабістай бяспекі МУС. Трэба ўзгадаць, што супрацоўнік аказвае ціск, што паступаюць пагрозы. Трэба напісаць пра ціск і ў пракуратуру, і ў МУС, і ў Следчы камітэт. Я думаю, што рэальна хутка і лепш за ўсё дапаможа агалоска».

Доўгая гісторыя канфлікту

Сяргей Маслаў лічыць, што ціснуць на яго з-за актыўнай грамадзянскай пазіцыі:

«Яны пра мяне і кажуць, што я самы супраць улады. Плюс я яшчэ на Youtube выклаў, як мне мясцовыя ўлады дзіця зрабілі інвалідам. Мабыць таму, калі за мной у мінулую нядзелю прыязджалі, разам з міліцыяй забіралі і сацработнікі. Я зрабіў відэа, але яшчэ не выкладаў на Youtube. Паказваў, дзе іх парушэнні».

На сваім YouTube канале Сяргей абяцае выкласці другую частку відэа, дзе пакажа дзіця, пасведчанне аб інваліднасці і больш падрабязна акрэсліць сітуацыю.

У 2016 годзе чацвярых дзяцей Маславых забралі сацработнікі:

«1 траўня быў Вялікдзень. На заўтра яны прыехалі і забралі. Завезлі адразу ў шпіталь. Хацелі мяне і жонку на экспертызу адправіць. Так, на свята я выпіваў. На наступны дзень я ведаў, што штосьці астаткавае магло паказаць, але яны перадумалі. Нам сказалі, што дзеці прастуджаныя і паклалі жонку ў больніцу разам з імі. Потым жонцы падсунулі паперку, што дзяцей нельга са мной пакідаць, мы тады ў грамадзянскім шлюбе жылі. Падпішы паперку – і яны месяц пабудуць у дзіцячым доме, пакуль маленькая самая прастуджаная не вылечыцца. Дык адкуль яны ведалі, што гэтую прастуду будуць месяц лячыць? Яны хацелі сфальсіфікаваць паперы за гэты час і забраць дзяцей».

Аб’ектыў
Новае самагубства. 30-гадовая маці скончыла з жыццём, калі сацыяльная апека адабрала дзяцей
2019.02.14 21:08

Інгу, якой было 2,5 гады аддалі ў прыёмную сям’ю. Каб вярнуць дзяцей назад, бацькі павінны былі закадзіравацца і зрабіць рамонт. Калі ўмовы выканалі, камісія ўсё роўна не аддала дзяцей, бо вырашыла, што паўтары месяцы – замалы тэрмін і дзеці павінны пабыць у дзіцячым доме яшчэ. Дзяцей вярнулі толькі праз 6 месяцаў, бо больш трымаць не мелі права. Самая малодшая дзяўчына Інга вярнулася з прыёмнай сям’і з траўмай.

«У дзетдом прыйшоў, а дзіцё маё не тое што бруднае – ажно карой пакрытая. Пыл, павуцінне – гэта ў іх санітарыя. Я кідаўся ў пракуратуру, да кіраўніцтва, спадзяваўся на аблвыканкам, на абласную пракуратуру. Паўсюль адмовы, ніхто не дапамагае. Інга ела сама, а цяпер ёй 6 год і яе ручкі не слухаюцца. У аздараўляльных санаторыях усё гэта спраўджвалася. Усе ў адзін голас казалі, што яе білі па ручках, штосьці нервовае пашкодзілі. Плюс псіхалагічная траўма. Яна замкнулася і дагэтуль амаль не размаўляе. Пасля 2016 года я на ўсе сто адсоткаў упэўнены, што ў нас увогуле ніякай справядлівасці няма. Тады я неяк не падумаў, што неразумна скардзіцца на рэжым рэжыму», – кажа Сяргей.

Сям’і Маславых казалі, што хвароба ў іх дачкі прыроджаная: «Дзе ж? Жонка ляжала з дзіцём у Гомлі. Там сказалі, што набытае. І калі глядзець па картачцы, то з дзіцём усё нармальна, нармальна, а потым пачалося вось гэта. Пачалі пісаць, што і ручкі дрэнна працуюць, і паходка не такая, і не размаўляе. А да гэтага была лёгкая паходка, ручкі працавалі».

Сяргей Маслаў лічыць, што ціск у 2016 годзе быў з-за таго, што ён працаваў за мяжой:

«Яны хацелі, каб я працаваў у Беларусі. Тое, што я ў Маскве зарабляў толькі за месяц, я б за год зарабіў у Беларусі. Ім трэба, каб я быў пад кантролем. Яны ж і зараз хітра робяць. Каб дзяцей забраць, яны спасылаюцца на запазычанасці па камунальных паслугах. Заробак 300 рублёў. 200 рублёў на камунальныя аддаў. На сто рублёў як пражывеш? Нахабства канкрэтнае. Выпадак з маёй дачкой – гэта страшна. Я не хаваю, я выпіваў. Але дзяцей я глядзеў. Я на іх не лаюся. Калі выпіваў, то яны нават рады былі, бо любыя грошы, што ў мяне ў кішэні ёсць, усё дзецям раздаваў».

Сяргей Маслаў спадзяецца, што нехта таксама распавядзе пра свой падобны досвед:

«Мабыць хтосьці б яшчэ далучыўся з такой жа бядой. А ў далейшым нам патрэбная будзе падтрымка юрыдычная, бо пачнуць яшчэ больш ціснуць на сям’ю».

З Сяргеем мы размаўлялі па тэлефоне, фразы ў нейкі момант пачалі прыходзіць са спазненнем і з’яўляліся шумы.

«Нас канкрэтна слухаюць і глушаць зараз. Вось бачыце, які ціск. Самае галоўнае, каб гэтыя людзі, малодшыя па званню, не выконвалі злачынныя загады. Гэта самае першае, бо ім таксама прыйдзецца потым адказаць за ўсе свае злачынствы».

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў