Дзяржава супраць цыгарэт (нават электронных). Дзе ад сёння нельга паліць

Мужчына паліць на вуліцы Няміга ў Менску. Ілюстрацыйны здымак – Sergei Bobylev / ТАСС / FORUM

27 ліпеня набыў моц Дэкрэт №2, які моцна абмежаваў колькасць месцаў, даступных для палення.

Дэкрэт забараняе паліць у ліфтах, на дзіцячых пляцоўках, на працоўных месцах, якія знаходзяцца ў памяшканнях, ува ўстановах адукацыі, на тэрыторыі летнікаў, на прыпынках, а таксама ў аўтах, дзе знаходзяцца дзеці да 14 гадоў.

Для курцоў будуць недаступныя пляжы, крамы, водны транспарт і міжнародныя цягнікі, вакзалы, парты і аэрапорты. У гэтых установах папаліць можна будзе толькі ў спецыяльна адведзеным месцы або пакоі для курэння.

Калі ў кавярні або рэстарацыі не будзе адмысловых залаў для палення, курыць нельга будзе і там.

«Курыць у рэстаранах можна будзе пры ўмове наяўнасці ў залах для тых, хто паліць магутнай вентыляцыі. Цяпер гэтага няма. І астатнія наведнікі становяцца пасіўнымі курцамі, – распавядала загадчыца аддзелу грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга Бартман.

Як растлумачылі «Tut.by» у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю, кантраляваць пытанне адмысловых зонаў для палення ў кавярнях і рэстарацыях будуць мясцовыя ўлады.

Абмежаванні тычацца таксама электронных цыгарэт.

Дэкрэт № 2 замацоўвае шэраг новых месцаў, цалкам вольных ад тытунёвага дыму. Фота – Глеб Гараніч / Reuters / Forum

Закон забараняе таксама рэкламу і продаж у інтэрнэце парагенератараў і вадкасцяў для іх.

З 1 студзеня 2022 года ў Беларусі забароняць выстаўляць цыгарэты ў адмысловых вітрынах над касамі і прадаваць іх адтуль.

За парушэнне новых правілаў курцам будзе пагражаць штраф да 4 базавых велічыняў. На сёння гэта Br 102.

ДД belsat.eu

Hавiны