Дзяржава працягвае меліярацыю, нягледзячы на пратэст беларусаў


Замест сенакосу, духмянай травы і кветак – калючкі, крапіва ды бур’ян. А замест прыгожай рачулкі Гавязнянка – чорнае карыта. Улады распачалі рэканструкцыю меліярацыйных сістэмаў.

Гвалт ад меліярацыі рэчка зазнала яшчэ ў 60-ыя гады і была цалкам каналізаваная, бадай знішчаная. Пасля гэтага рэчка стала карацейшая на траціну.

«Рэчкі няма, яна перасохла. Гэта невялічкая, ледзь прыкметная зялёная канаўка. Вады няма. Яна нават ужо не слюзіць. Але эфект у чым, што тут раней было балота», – тлумачыць Валер Дранчук, жыхар вёскі Ахрэмавічы.

«Марна грошы трацяцца народныя»

Аднак за паўстагоддзя прырода пачала аднаўляцца, ніжэй па плыні з’явіліся бабры, дзякуючы якім пачалося абагачэнне вады кіслародам, на берагах парасло кустоўе і дрэвы, месцамі рачулка нават запятляла. Але сёлета ўлады зноў вырашылі рэчку расчысціць, пачалося паўторнае выпрамленне каналаў ды знішчэнне расліннасці.

«Думаю, гэта проста марна грошы трацяцца народныя. Затое гэта была паказуха, грошы выдзелілі – іх трэба лёгка асвоіць. Экскаватар тут не топіцца, капае», – распавядае Георгій Салавей, жыхар вёскі Старыя Навасёлкі.

Мясцовыя жыхары кажуць, што карысці ад меліярацыі – ніякай, а наадварот – шкода. Пасля яе ў калодзежах пазнікала вада.

«4 вядры вады і далей паехаў пясок. Яе няма, яна сышла ўглыб, бо яе пакапалі. Балота зглумілі, усё зглумілі. Што яны тут узялі, зерне, кілаграмаў дзесяць? Не болей. Бачыце, што парасло! Адныя бур’яны», – абураецца Надзея Кандрахова, жыхарка вёскі Перакопаўшчына.

Мясцовыя пачалі барацьбу за тутэйшае

Апроч таго, што збяднела флора ды фаўна, дык яшчэ і рыба знікла, якой раней тут было багата.

«Загубілі балота, загубілі экалогію, усё загубілі. Ні птушак, нічога няма. Бусел і той звёўся. А тут жыў і чорны бусел, і чаплі былі, усё было. А цяпер адзін каршун, і болей нікога няма, які душыць маіх курэй», – дзеліцца Надзея Кандрахова.

Мясцовыя жыхары лічаць, што працы праходзяць з парушэннямі беларускіх законаў і міжнародных прыродаахоўных Канвенцыяў, таму звярнуліся ў пракуратуру, Менскмеліярацыю ды напісалі калектыўны зварот да выканаўчых уладаў, пад якім падпісалася больш за 50 чалавек. Яны патрабуюць спыніць марнатраўства, а зноў распачатыя гвалтоўныя дзеянні прызнаць памылковымі ды шкоднымі і даць рачулцы магчымасць самой узнавіцца.

Вольга Чайчыц, «Белсат»

Стужка навінаў