Дзяржава не абы-якога народу. Чаму беларусам варта павучыцца ад Ізраіля

Парламент Ізраіля прыняў канстытуцыйны закон, паводле якога Ізраіль – нацыянальная дзяржава габрэйскага народу з адной дзяржаўнай мовай. Дзяржавай якога народу з’яўляецца Рэспубліка Беларусь? Пра гэта ў нашай Канстытуцыі не згадваецца.

«Асноўныя прынцыпы існавання»

Новы дакумент мае сілу канстытуцыйнага, хоць уласна Канстытуцыі ў Ізраілю няма. Гэта значыць, што закон не можа быць аспрэчаны ў судзе – яго можна адмяніць ці змяніць толькі парламент.

Такім чынам цяпер Ізраіль акрэслены як гістарычная радзіма і нацыянальны дом габрэяў, у якім яны рэалізуюць сваё права на нацыянальнае, культурнае, рэлігійнае і гістарычнае самавызначэнне. Права на самавызначэнне ў Ізраіле, паводле закону, мае толькі габрэйскі народ.

Пры гэтым у краіне грамадзяне любога паходжання маюць абсалютна роўныя палітычныя і эканамічныя правы. У дэмакратычнай нацыянальнай дзяржаве кожны асобны грамадзянін мае такія ж правы, як і любы іншы.

Дзяржаўная мова ў Ізраіле адна – адроджаны з небыцця ў ХХ стагоддзі іўрыт. Арабская мова больш не зʼяўляецца дзяржаўнай, аднак мае асобы статус, ягонае выкарыстанне не будзе абмяжоўвацца.

Ізраільскія жаўнеры вяртаюцца з баявой аперацыі. Фота wikipedia.org

Таксама ў законе пацверджана, што ўвесь Іерусалім непадзельна зʼяўляецца сталіцаю Ізраіля, акрэслена стаўленне памежных габрэйскіх пасяленняў.

Адзначым галоўнае – самая дэмакратычная, найбольш магутная ў галіне эканомікі, вайсковых справаў, найбольш прасунутая ў навуцы, адукацыі і тэхналогіяў дзяржава Бліжняга Усходу, якая можа даць фору ў гэтых сферах і многім дзяржавам Еўразвязу – робіць свядомую стаўку на нацыяналізм.

Навошта?

«Гэтым законам мы акрэслілі асноўныя прынцыпы нашага існавання. Ізраіль – гэта нацыянальная дзяржава габрэйскага народа, якая паважае правы ўсіх сваіх жыхароў», – сказаў, каментуючы прыняцце новага закону прэмʼер-міністр краіны Бенʼямін Нетанʼяху.

Зброю бралі ад каго прыйдзецца – у габрэяў пачыналася ўсё прыкладна як у беларускіх нацыяналістаў пачатку ХХ стагоддзя. Фота wikipedia.org

Ізраіль ад пачатку будаваўся як нацыянальная габрэйская дзяржава, аднак гэта не было замацавана на заканадаўчым узроўні. У сувязі з гэтым у апошнія часы ў краіне ўсё часцей гучалі галасы, пра тое, што характар Ізраіля як дзяржавы габрэяў будзе размывацца.

Асаблівую занепакоенасць выклікае больш высокі ўзровень нараджальнасці ў негабрэйскага насельніцтва краіны – арабская меншасць ужо складае каля 20 % грамадзянаў.

Беларусь – краіна для беларусаў? Ці не?

Відавочна, што будучая небяспека, пра якую кажуць зараз ізраільскія нацыяналісты (сярод якіх і сам прэмʼер-міністр), для Беларусі ўжо зʼяўляецца сучаснасцю.

Беларуская дзяржава ўжо зараз існуе не зусім зразумела для самавызначэння якога народу. У Канстытуцыі згадваецца нейкі «народ Рэспублікі Беларусь» як адзіны носьбіт суверэнітэту, але, відавочна, што маецца на ўвазе не беларускі народ, а проста абстрактна ўсё насельніцтва краіны.

Беларускія патрыёты і арганізацыі ў Беларусі, такія як бабруйскі клуб «Патрыёт» часам робяцца ахвярамі хлусні і нападаў з боку ўладаў

Адпаведна, калі заселяць Беларусь ці яе частку мігранты з далёкіх ці блізкіх цёплых ці халодных краёў – і яны таксама будуць «народам Рэспублікі Беларусь». З усімі адпаведнымі наступствамі для існавання такой рэспублікі і беларускага народу.

Беларуская мова, знаходзіцца зараз у непараўнальна горшым стане, чым іўрыт – нават па афіцыйных дадзеных у школах толькі каля 10 % школьнікаў вучацца па-беларуску.

Сітуацыя пастаяннай ваеннай напружанасці прымушае Ізраіль прызываць на службу і дзяўчын. Фота wikipedia.org

Беларуская мова дыскрымінуецца ў справаводстве і публічнай сферы, на ёй няма публікацый усяго дзейнага заканадаўства Беларусі, дзяржаўныя СМІ і тэлебачанне амаль не выкарыстоўваюць і не папулярызуюць нацыянальную мову большасці насельніцтва. У беларускай арміі, напрыклад, няма ані афіцыйных статутаў па-беларуску, аніводнага баявога злучэння, якое выкарыстоўвае беларускую мову ў службе. Па-беларуску немагчыма вывучыцца ў беларускіх універсітэтах на доктара, афіцэра, дыпламата, чыноўніка, бізнесоўца.

Беларускі нацыяналізм дагэтуль у нашай краіне – вораг для ўладаў, мэта для нападаў дзяржаўных СМІ і пераследу.

На мяжы цывілізаванага свету

У сучасных беларускіх уладаў зусім нядрэнныя адносіны з Ізраілем. Аляксандр Лукашэнка віншуе Нетанʼяху з Днём Незалежнасці Ізраіля, наведваў гэтую краіну нават у самыя цяжкія часы свайго супрацьстаяння з Захадам. Ізраіль таксама праводзіць даволі лаяльную да беларускага палітычнага кіраўніцтва палітыку.

Ізраіль выкарыстоўвае сваю электроніку ў найноўшых баявых самалётах, якія замаўляе ў ЗША. Фота wikipedia.org

Акрамя таго нам да поспехаў Ізраіля яшчэ расці і расці – прытым што вельмі шмат высілкаў ізраільцяне аддаюць проста на выжыванне. Валавы ўнутраны прадукт нацыянальнай дзяржавы габрэяў на душу насельніцтва ($36 тысяч) у два разы перавышае ВУП Беларусі ($18 тысяч).

Тры ізраільскія ўніверсітэты ўваходзяць у сусветны ТОП-100 найбольш актыўных у развіцці навукі і тэхналогіяў. Аніводнага беларускага ўніверсітэту ў гэтым спісе няма.

Ізраільскі тэхналагічны інстытут Тэхніон – сусветны лідар па падрыхтоўкі студэнтаў да лічбавай рэвалюцыі, згодна з рэйтынгам Times Higher Education. Фота wikipedia.org

Пры гэтым сярэдняя працягласць жыцця ў Ізраілі – 82,5 года, а ў Беларусі – 72,3 года. Нават у сітуацыі перманентнай пагрозы тэрору, рэгулярных вайсковых аперацый і ракетных абстрэлаў сучасная дэмакратычная нацыяналістычная дзяржава забяспечвае сваім грамадзянам лепшае жыццё, чым наш квазісавецкі інтэрнацыяналістычны запаведнік.

Ізраіль ствараўся як месца, дзе габрэі на гістарычна сваёй зямлі абараніць сваё жыццё і самастойна будаваць сваю эканоміку, культуру і грамадства пасля катастрофы Другой сусветнай вайны.

Для беларусаў ХХ стагоддзе з масавым тэрорам з боку камуністаў і нацыстаў – такая ж трагедыя, як для габрэяў Галакост. Беларусь для беларусаў – такая ж адзіная ў свеце краіна, як і Ізраіль для габрэяў.

Вучыцеся ў габрэяў – будуйце нацыянальную дзяржаву беларускага народа.

Каб заможна, цікава і доўга жыць.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў