Дзяржава хоча, каб беларусы пілі менш, але працягвалі набываць алкаголь


Алкагольная крама ў Маладзечне. Сімвалічны здымак – Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

На наступствы алкагалізму беларусаў дзяржава выдае болей, чымся на абарону, прызнаюцца беларускія чыноўнікі.

На круглым стале Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў чыноўнікі заявілі, што дзяржава хацела б знайсці эфектыўную мадэль алкагольнай палітыкі: каб людзі пілі менш і зніжалася злачыннасць, але адначасова захоўваўся высокі ўзровень паступлення прыбыткаў у бюджэт, падае «Tut.by».

Першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падчас дыскусіі прызнаўся, што на пераадольванне негатыўных наступстваў, звязаных з алкагалізмам, Беларусі даводзіцца выдаваць штогод 2 % ВУП. Гэта больш, чымся на нацыянальную абарону.

Справка
Летась ВУП Беларусі склаў Br 121,6 млрд, выдаткі на абарону – Br 1,1 млрд.

У апошняй справаздачы Сусветнай арганізацыі здароўя нашая краіна апынулася на 27-м месцы па спажыванні алкаголю на душу насельніцтва з вынікам 11,2 літра ў год.

Паводле САЗ, спажыванне чалавекам больш за 8 літраў алкаголю нясе пагрозу не толькі яго здароўю, але і вядзе да дэградацыі грамадства, зніжэння працоўнай прадуктыўнасці і ўплывае на наступныя пакаленні.

Па звестках за 2018 год, на ўліку з сіндромам залежнасці ад алкаголю стаяць каля 160 тысяч беларусаў, пятая частка з іх – жанчыны.

Паводле Рэспубліканскага цэнтру наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі, колькасць пацыентаў зніжаецца на 1–2 % у год.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў