Дзяржаўны прафсаюз прымушае сваіх чальцоў падпісвацца на старонку ў Facebook


Беларускі прафесійны саюз працаўнікоў мясцовай прамысловасці камунальна-бытавых прадпрыемстваў разаслаў па першасных арганізацыях дакумент, у якім ад кіраўнікоў патрабуюць забяспечыць падпіску на аднайменную старонку ў Facebook і заклікаюць чальцоў абавязкова ставіць лайкі пад публікацыямі.

Фота дакументу з’явілася ў тэлеграм-канале «Эканоміка Беларусі».

«У сувязі з падрыхтоўкай пытання на Прэзідыум ФПБ (дзяржаўнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – заўв.) Аб працы галіновага прафсаюзу і яго арганізацыйных структураў у сацыяльных сетках» пераканаўчая просьба забяспечыць падпіску ў тэрмін да 16.07», – гаворыцца ў лісце.

Таксама Менская абласная арганізацыя прафсаюзу мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў заклікае кіраўнікоў ячэек забяспечыць наведвальнасць сваёй старонкі і абавязковыя лайкі і рэпосты.

Асаблівую ўвагу пры гэтым просяць надаць навінам аб унясенні зменаў у Працоўны кодэкс.

У самім прафсаюзе наяўнасць дакументу пацвердзілі. Мы пацікавіліся, чым там тлумачаць прымусовы характар падпіскі.

«Гэта пытанне ўнутранага парадку, не ў маёй кампетэнцыі даваць каментары., тым больш па тэлефоне. Пішыце на нашую паштовую скрыню, мы па тэлефоне каментары не даем», – сказала belsat.eu галоўны спецыяліст па сацыяльна-эканамічнай працы Юлія Бекіш.

На дадзены момант у старонкі ўсяго 156 падпісантаў, а амаль на ўсе пасты, акрамя лайкаў, людзі рэагавалі «злым» смайлам.

КА belsat.eu

Стужка навінаў