Дзве жанчыны за паўтара месяца прыбралі бераг Дняпра. Атрымалася 12 кубаметраў смецця


Надзея займаецца фотаграфіяй і ў адзін момант зразумела, што не можа зрабіць кадру так, каб у яго не трапляла смецце.
Фота: «Белсат»

«Сэрца радуецца!» – не можа стрымаць свайго шчасця жыхарка Магілёва Надзея Бацілава. Паўтара месяца разам з сяброўкаю Валянцінаю яны хадзілі на бераг Дняпра прыбіраць смецце. Абедзве жанчыны сцягвалі ўсё ў кучы, якіх у выніку выйшла 10 штук. Дзве кучы камунальныя службы забралі раней, а сёння прыехалі і вывезлі ўсе астатнія горы смецця. Цяпер бераг чысты, але ці надоўга?

Надзея Бацілава жыве на ўскрайку Магілёва ў мікрараёне Тэхнапрыбор прыблізна 35 гадоў. З аднаго боку мікрараёну – лес, а з другога – затока Дняпра. Свой парадак Надзея паспела навесці і там, і там.

Надзея Бацілава вядзе актыўны лад жыцця: ходзіць на 3 віды танцаў, у басейн, а таксама паспявае ачысціць прыродныя мясціны вакол свайго дому.
Фота: «Белсат»

Людзі ёсць, а сметніцаў няма

«Я пачала прыбіраць лес і зразумела, што яго можна прыбраць нават аднаму, калі хадзіць штодзень па гадзіне, па дзве. А потым я звярнула ўвагу на бераг Дняпра, бо ён ператварыўся ў такое стыхійнае месца адпачынку. Людзей стала вельмі шмат: рыбакі, кампаніі, пары, сем’і з дзецьмі. Людзі ёсць, а сметніцаў няма», – тлумачыць Надзея сваё бачанне праблемы.

На прыборку Надзея выходзіць толькі ў пальчатках і акулярах.
Фота: «Белсат»
Каб забраць усё смецце, якое назбіралі жанчыны, сельсавет прыгнаў трактар.
Фота: «Белсат»

Мы сустрэліся з Надзеяй якраз у пойме Дняпра. Тут, на месцы былога кар’еру, утварылася невялікае возера, якое з усіх бакоў абступілі рыбакі. Пакуль мужчыны адпачываюць, Надзея ў кустах побач збірае смецце.

«Трэба паспець сабраць усё да лета, пакуль няма травы. Калі падымецца высокая трава, то ў ёй ужо нічога не знайсці», – кажа Надзея. Яна працуе ў пальчатках і акулярах, бо прадзірацца праз кусты – не самы бяспечны занятак.

Падʼезд да Дняпра ў гэтым раёне сапраўды ёсць, і не адзін, шмат пратоптаных сцежак, але вось сметнікаў ніколі не было. Толькі ў адным месцы ўдалося знайсці таблічку, што «выкід смецця і купанне забаронены, штраф 50 б. в.».

Сярод знаходак першае месца займаюць пластыкавыя двухлітровыя бутэлькі. Каб забраць усё смецце, якое назбіралі жанчыны, сельсавет прыгнаў трактар.
Фота: «Белсат»

У красавіку дзякуючы зваротам жанчын паставілі першую сметніцу

«Я не злуюся на людзей, якія так зрабілі. Шмат хто збірае ўсё ў пакет і пакідае так у надзеі, што нехта за імі прыбярэ. Але тут пачынаецца самае складанае: высветліць, каму належыць гэтая тэрыторыя. Фактычна, гэта ўжо не Магілёў, а значыць, магілёўскія камунальнікі тут не дапамогуць. Мы з Валянцінаю звярталіся ў Палыкавіцкі сельсавет, Камітэт прыродных рэсурсаў, хадзілі да старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Леаніда Зайца – і вось нарэшце праблема развязалася. Хаця гэта і было няпроста!» – радуецца Надзея.

Прыбраць горы смецця актывісткам дапамог Палыкавічскі сельсавет і Жылкамхоз.
Фота: «Белсат»
Дзякуючы актывістам, з берага Дняпра вывезлі каля 12 кубаметраў смецця.
Фота: «Белсат»

Пасля шматлікіх зваротаў Надзеі ды Валянціны да органаў улады на беразе Дняпра з’явілася сметніца. Яе прывезлі некалькі дзён таму. У хуткім часе камунальнікі абяцаюць выставіць тут яшчэ некалькі скрыняў для збору смецця.

Сярод назбіранага жанчынамі – у асноўным бутэлькі: пластыкавыя, пераважна двухлітровыя, шкляныя. Нічога арыгінальнага знойдзена не было.

Першая і пакуль што адзіная сметніца на беразе Дняпра ў мікрараёне Тэхнапрыбор. Але камунальнікі абяцаюць паставціь яшчэ пару штук.
Фота: «Белсат»

«Калі пластык толькі зʼявіўся ў нашым жыцці – мы думалі, што гэта такое дабро. Бутэлечкі не бʼюцца, лёгкія. Цяпер я лічу, што гэта абсалютнае зло. Бо гэты пластык не раскладаецца. Я збіраю яго таму, што пройдзеная крытычная адзнака – трываць больш не магу. І крыўдна за свой горад. Я была шмат у якіх краінах, але нідзе не бачыла столькі смецця, як у нас», – кажа Надзея.

Мясцовы жыхар Уладзімір штодзень гуляе на беразе Дняпра з сабакам.
Фота: «Белсат»

Паўз Надзею праходзяць рыбакі і дзівяцца, хто ж гэта столькі смецця ў кусты накідаў. А мясцовы жыхар Уладзімір, які тут штодзень гуляе з сабакам, ведае адказ: «Гэта самыя рыбакі і пакідаюць пасля сябе. Шмат хто з іх прыязджае машынамі, але і гэта не дапамагае вывесці пасля сябе смецце. Яшчэ праблема ў тым, што некаторыя пакідаюць усё сабраным у мяхах, а пасля нехта ходзіць і разрывае гэтыя мяхі – смецце разлятаецца па ўсёй тэрыторыі. І гэта не вароны ці сабакі, гэта людзі, хутчэй за ўсё палююць на бутэлькі, якія можна здаць. Я сам адсюль вынес не адзін пакет смецця. Мне прыемней з сабакам гуляць, калі чысціня вакол».

На нашае пытанне, ці прыбіраюць тэрыторыю камунальнікі, Уладзімір адказаў, што бачыў іх тут за ўсё жыццё толькі адзін раз. Сметніцаў ніколі не было.

Прасцей прывучыць да чысціні, чымся караць

Вынесці горы смецця наверх у горад дзвюм жанчынам было б цяжка фізічна. Адсюль і з’явілася ідэя сабраць усё ў кучы ды выклікаць камунальнікаў, каб прыбралі гэтае «багацце».

Сённяшні дзень стаўся знакавым: на дапамогу Надзеі ды Валянціне прыехалі работнікі Палыкавіцкага сельсавету і прадпрыемства «Жылкамгас». Яны назбіралі яшчэ некалькі дзясяткаў мяхоў смецця ў кустах, а пасля закінулі ўсе гэтыя кучы ў смеццявоз. Атрымалася 12 кубаметраў смецця.

Старшыня Палыкавічскага сельсавету Аксана Баланішнікава заклікае ўсіх браць прыклад з Надзеі і Валянціны.
Фота: «Белсат»

«Дзве актывісткі вельмі добра спрацавалі, далі прыклад усяму насельніцтву раёну. Будзем спадзявацца, што дзякуючы ім стане больш ахвочых дапамагчы прыбраць тэрыторыю. Ахапіць усю тэрыторыю нам самім проста фізічна немагчыма, у нас на балансе 14 вёсак. Трэба працаваць з насельніцтвам, каб прыбіраць не даводзілася, а людзі не забруджвалі тэрыторыі. За выкід смецця прадугледжаная адміністратыўная адказнасць. Але, каб чалавека пакараць, трэба даказаць, што гэта ён пакінуў тут смецце. І гэта самае складанае», – кажа старшыня Палыкавіцкага сельсавету Аксана Баланішнікава, якая сёння разам з усімі збірала бутэлькі ў ярах.

12 кубоў прыйшлося добра ўтаптываць, каб вывезці за раз.
Фота: «Белсат»

Каб перадухіліць несанкцыянаваны сметнік на гэтым беразе Дняпра, «Жылкамгас» ужо паставіў адну сметніцу і разглядае пытанне, каб паставіць яшчэ некалькі.

Надзея засталася цалкам задаволеная сённяшнім днём. Яшчэ ніколі ў жыцці ёй не даводзілася прыбіраць тэрыторыю ля Дняпра ў такой вялікай кампаніі.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў