Лідар «Дзецюкоў»: «Надакучыла спяваць пра паўстанні і войны»


Алесь Дзянісаў прэзентуе ў нашым юбілейным кліпе адну з галоўных каштоўнасцяў Белсату – разнастайнасць меркаванняў.

«Белсат» працуе для вас дзесяць гадоў. У нашых святочных кліпах мы распавядаем пра каштоўнасці, якія падзяляем і мы, і нашыя гледачы.

Герой новага роліку – лідар гурту «Дзецюкі» Алесь Дзянісаў, які не можа нармальна выступаць у Беларусі праз гэтак званыя «чорныя лісты» музыкаў.

Пасля заканчэння гістарычнага факультэту ГрДу імя Янкі Купалы Алесь Дзянісаў пайшоў працаваць у школу, каб «распавядаць альтэрнатыўную гісторыю» – і выкладаў там дзесяць гадоў.

«Гісторыя Беларусі патрабуе розных поглядаў. Я вучыўся ў савецкай школе, нам казалі, што партызаны – клёвыя чувакі. Пазней мы бачылі, што не заўсёды яны былі класнымі, што яны рабавалі. І ў той жа час – нельга усіх партызанаў запісваць у бандыты. Нельга, каб белае стала чорным, а чорнае – белым. Трэба шукаць рознакаляровасць ува ўсім.

У 1996 годзе Дзянісаў стварыў свой першы гурт «Кальян», у 2012-м стаў адным з заснавальнікаў «Дзецюкоў».

Пазалетась Дзянісаў прадставіў праграму «Кароткая гісторыя Беларусі» на вершы гарадзенскага паэта Алеся Чобата. Вершы апісваюць гісторыю Беларусі ад часоў князя Міндоўга да 1991-га года.

«Усе сцябуцца з нашых старыкоў, што для іх«абы не было вайны», але я іх разумею, – кажа Дзянісаў. – Нас абвінавачваюць, што мы спяваем пра вайну. Мне ўжо надакучыла спяваць пра гэтыя паўстанні і войны. З іншага боку – мы б не хацелі, каб гэта, не дай бог, вярнулася».

«Нам трэба самім вырашаць нашыя праблемы, бо мы нікому не патрэбныя – ні Вашынгтону, ні Маскве. Мы павінныя зразумець: мы патрэбныя самім сабе», – дадае Дзянісаў.

Кожны тыдзень да 10 снежня мы будзем прадстаўляць новую гісторыю пра нашыя каштоўнасці. Алесь Дзянісаў прэзентуе ролік пра разнастайнасць меркаванняў.

«Белсат» упершыню выйшаў у эфір 10 снежня 2007 года.

ДД

Стужка навінаў