Дзевяць гадоў таму разбіўся самалёт прэзідэнта Польшчы


10 красавіка 2019 года. Анджэй Дуда ўскладвае кветкі на магілах ахвяраў смаленскай авіякатастрофы ў Кракаве. Фота Канцылярыі прэзідэнта Польшчы

У сераду Польшча ўзгадвае ахвяраў смаленскай авіякатастрофы. Памятныя ўрачыстасці прайшлі ў Смаленску, Кракаве і Варшаве. У польскай сталіцы яны працягнуцца да позняга вечару.

Раніцай 10 красавіка прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўзяў удзел у імшы ў Вавэльскім замку ў Кракаве, а потым усклаў кветкі перад саркафагам Марыі і Леха Качыньскіх.

10 красавіка 2019 года. Анджэй Дуда ўскладвае кветкі да саркафагу Марыі і Леха Качыньскіх.Фота Канцылярыі прэзідэнта Польшчы
У Варшаве спікеры Сейму і Сенату Марэк Кухціньскі і Станіслаў Карчэўскі ўсклалі вянкі да мемарыяльных табліц у будынку парламенту. Фота Канцылярыі польскага Сейму

Пазней у акцыі памяці каля Прэзідэнцкага палацу былі прачытаныя імёны ахвяраў. Ува ўрачыстасцях узялі ўдзел старшыня кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі, віцэ-прэм’ер Бэата Шыдла і маршалак Сейму Марэк Кухціньскі.

10 красавіка 2019 года. Яраслаў Качыньскі ўскладвае вянок перад партрэтам прэзідэнцкай пары, якая загінула ў смаленскай авіякатастрофе. Фота Канцылярыі польскага Сейму

У Смаленску а 9:41 (а 8:41 паводле польскага часу) дэлегацыя на чале з амбасадарам Польшчы ў Расеі Владзімежам Марцінякам усклалі вянкі і запалілі знічы на месцы катастрофы прэзідэнцкага лайнеру, а потым адправіліся ў Катынь, дзе ўзялі ўдзел у імшы на польскіх вайсковых могілках.

Акцыі памяці ў Варшаве працягнуцца да вечару. А 16:00 Анджэй Дуда запаліць знічы перад помнікам ахвярам смаленскай трагедыі на пляцы Пілсудскага, а ўвечары выступіць з прамовай перад Прэзідэнцкім палацам.

10 красавіка 2010 года. Прэзідэнцкі палац у Варшаве. Фота Нацыянальнага лічбавага архіву Польшчы

10 красавіка 2010 года самалёт прэзідэнта Польшчы разбіўся пры пасадцы на аэрадром Смаленск-Паўночны. У густым тумане самалёт польскага прэзідэнта знізіўся да небяспечнай вышыні, сутыкнуўся з дрэвамі і разбіўся, не дацягнуўшы да пасадачнай паласы.

У катастрофе загінулі прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, яго жонка Марыя, вядомыя польскія палітыкі, рэлігійныя і грамадскія дзеячы і амаль усё камандаванне Узброеных сіл. Яны ляцелі, каб ушанаваць памяць палякаў, расстраляных НКВД у Катыні ў 1940 годзе.

Расейскія следчыя назвалі прычынай катастрофы няправільныя дзеянні экіпажу. Польская ўрадавая камісія ўсклала частку віны на расейскія наземныя службы. Аднак у Польшчы часта гучыць версія пра замах. Сітуацыю ўскладняе тое, што Расея праз 8 гадоў так і не пагадзілася аддаць Польшчы абломкі самалёта.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў