Дзеці навучаць беларусаў размаўляць па-беларуску


У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі асноўныя мовы навучання і выхавання ў Рэспубліцы Беларусь – дзяржаўныя мовы. У нашай краіне іх дзве: беларуская і расейская.

Заканадаўства сцвярджае, што дзяржава мусіць гарантаваць грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моваў і стварыць умовы для гэтага права. Гучыць усё зразумела і слушна, але рэальнасць не супадае з тым, што напісана ў шматлікіх кодэксах.

Бацькі беларускамоўных дзетак бʼюць трывогу. У краіне амаль няма беларускамоўных садочкаў і школаў, хоць запатрабаванасць ёсць. Неабыякавыя бацькі аб’ядноўваюцца, каб развязаць гэтую праблему.

«Ты не будзеш ніколі размаўляць па-беларуску»

Яшчэ ў школьныя гады Аляксандра Бойка-Падкапаева сутыкнулася з неразуменнем блізкіх ейнай прагі да беларускай мовы.

«Я сказала маці: «Мама, усё, я буду размаўляць толькі па-беларуску». Мама была вельмі ўражаная, яна была катэгарычна супраць. Нават са слязьмі было, што я хацела размаўляць, але яна сказала: «Ты не будзеш ніколі размаўляць па-беларуску». Тады я сабе загадала ці што, што рана або позна я ўсё ж такі пачну і ў маёй сям’і ўсе будуць размаўляць толькі па-беларуску», – узгадвае Аляксандра.

Так і сталася. Аляксандра і ейны муж Яўген размаўляюць з дзецьмі па-беларуску. Бацькі кажуць, што калі адзін з сыноў Богусь вяртаецца ад бабулі, то ў яго з’яўляецца шмат расейскіх словаў, бо бабуля чытае яму кнігі па-расейску.

«Але апошні раз Богусь папрасіў бабулю: «Вось чытай мне менавіта гэтую кнігу». З вершамі беларускімі. Бабулі давялося чытаць, ужо няма куды падзецца, бо дзіця просіць», – смяецца Аляксандра.

Бабуля пачала чытаць і, калі не разумела нейкіх словаў, тэлефанавала і запытвалася, як яны перакладаюцца. Такія змены вельмі ўсцешылі Аляксандру, бо хоць бы праз унука ейная маці пачала змяняць сваё стаўленне да беларускай мовы.

Вялікая місія маленькай Ядзвігі

У садочак з Богусем ходзіць маленькая дзяўчынка Ядзвіга. Год таму Ядзя прыходзіла ў групку ў садочак і яе ніхто не разумеў і яна нікога не разумела, бо дзяўчынка была цалкам беларускамоўная. А сёлета да групкі далучыўся Богусь і яшчэ адзін хлопчык Мірон.

«У самім садочку памянялася сітуацыя. Як толькі нас стала трое, мы пачалі ў нейкім сэнсе весці рэй. Зараз мовы з кожным днём усё больш і больш у групцы. Адна выхавацелька цалкам працуе па-беларуску, уся камунікацыя па-беларуску, і другая таксама намагаецца ўсё больш размаўляць з дзеткамі ды весці заняткі на беларускай мове», – распавядае Яўген.

Змяняюцца і дзеткі. На адным з бацькоўскіх сходаў бацькі распавялі, што дзеці прыходзяць дахаты і ўжываюць беларускія словы і нават вучаць беларускай мове старэйшых братоў і сясцёр.

Калі ў садочку Ядзя не разумела расейскамоўных дзетак, ейныя бацькі прыдумалі гульню. Кожную раніцу яны казалі, што Ядзя мусіць выканаць адмысловую місію – навучыць дзетак аднаму беларускаму слову ў дзень. Гэтая гісторыя і паклала пачатак праекту «Вялікая місія маленькай Ядзвігі».

«Гэтая гісторыя, што Ядзя выконвае місію, яна нас натхніла. Што ёсць нейкая маленькая дзяўчынка, якая адна беларускамоўная, як зорачка, яна выконвае гэтую місію і адразу ў нас склаўся такі анімацыйны сюжэт», – кажа Аляксандра.

«Наш праект – гэта праект рэформаў дашкольнай адукацыі ў Беларусі. Рэформа ў аспекце мовы. Нашая задача, каб ува ўсіх дзяржаўных садках быў баланс беларускай і расейскай мовы. Беларускай мовы можа быць больш, але не можа быць менш за палову», – кажа Яўген Бойка.

На погляд Яўгена, на практыцы гэта мусіць выглядаць так: з дзвюх выхавацелек адная павінна быць беларускамоўная, якая ўвесь час размаўляе па-беларуску, а ўсе заняткі перакладаюцца на расейскую і беларускую.

Маленькая будучыня прыйшла і кажа: «Размаўляй са мной па-беларуску»

Малады бацька лічыць, што менавіта дзеці могуць стаць рухавіком беларускай мовы, што менавіта яны – гэта самы жывы, самы натуральны шлях да маштабнай беларусізацыі.

«Ёсць пэўнае кола беларусаў, да якіх мы не праб’емся, але праб’юцца дзеці. Як бы негатыўна чалавек не ставіўся да беларускай мовы, калі ягонае дзіця прыйдзе да яго і скажа: «Пачытай мне гэтую кніжку па-беларуску» ці «Перакладзі мне гэтае слова», то што рабіць? Вось яна, маленькая будучыня, прыйшла і кажа: «Размаўляй са мной па-беларуску», – гаворыць Яўген.

У 2019 годзе ў нашай краіне пройдзе чарговы перапіс насельніцтва, сярод пунктаў будуць пытанні (нумар 12 і 13) і пра Вашую родную мову. Адказ мае не толькі сімвалічнае, але і практычнае значэнне. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам «беларуская» вы можаце паўплываць на стаўленне чыноўнікаў да беларускай мовы. Калі ў выніках перапісу будзе бачна, што шмат людзей размаўляюць па-беларуску і лічаць беларускую мову роднай, то на просьбу бацькоў адкрыць беларускамоўныя садкі або школы чыноўнікам ад адукацыі будзе вельмі цяжка адказаць – «немэтазгодна».

Далучайцеся да кампаніі «Беларускамоўны»!

Прыходзьце на Свята роднай мовы 21 лютага

Hавiны
Лупі на мове! Танцуй пад сваё! 21 лютага ў Менску адбудзецца канцэрт «Дзень роднай мовы»
2019.02.06 18:06

belsat.eu

Стужка навінаў