7 красавіка Менгарвыканкам зацвердзіў план «прафілактыкі і зніжэння распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцыяў, у тым ліку выкліканых COVID-19», паведамляе minsk.gov.by.
Менгарвыканкам просіць не дапускаць да працы людзей з прыкметамі прастуды, раіць максімальна выкарыстоўваць інтэрнэт для семінараў і канферэнцыяў, а таксама настойвае на недапушчальнасці камандзіровак.
У менскіх бібліятэках спыняюць працу чытальныя залы. У музеях і выставачных комплексах забараняецца правядзенне масавых імпрэзаў. Таксама сталічныя ўлады адмянілі правядзенне выставак, кірмашоў ды іншых падобных мерапрыемстваў. Ва ўстановах грамадскага харчавання Менгарвыканкам забараніў правядзенне карпаратываў і вяселляў.
Дзіцячыя садкі будуць працаваць, але цяпер бацькі афіцыйна могуць не вадзіць дзіця ў сад, пры гэтым за дзіцём захоўваецца месца. Грошы за гэта браць не будуць. Бацькі школьнікаў таксама маюць права самастойна вырашаць, адпраўляць сваё дзіця ў школу ці не. У школе дзеці павінны знаходзіцца толькі ў сваім класе і не кантактаваць з іншымі.
Іншым установам адукацыі і ВНУ рэкамендавана перайсці на дыстанцыйнае навучанне ці заняткі па індывідуальным графіку.
Салоны прыгажосці, цырульні, тату-салоны і салоны макіяжу цяпер абавязаныя прымаць кліентаў толькі па запісе і з інтэрвалам у 5 хвілін паміж кліентамі. Працаўнікоў гэтых установаў просяць насіць маскі. У цэрквах і касцёлах мае быць забяспечаная магчымасць памыць рукі і дэзынфекцыя ўсяго, да чаго дакранаюцца прыхаджане.
https://naviny.belsat.eu/news/u-mensku-ne-buduts-bagaslaulyats-stravy-na-velikodny-stol/
ЮВ belsat.eu