Арганізатары БНР-100 каментуюць амбіцыі партыяў паўтарыць акцыю каля Опернага тэатру


Апазіцыйныя палітычныя партыі АГП, БСДП (Грамада) і рух «За свабоду» накіравалі ў Менгарвыканкам заяўку з просьбай дазволіць правядзенне на Дзень Волі 25 сакавіка мітынгу ў цэнтры сталіцы. У сваю чаргу аргкамітэт па святкаванні Дня Волі ў Менску падаў заяўку да сталічных уладаў на правядзенне 24 сакавіка шэсця ад вуліцы Кастрычніцкая да стадыёну «Дынама», дзе пройдзе мітынг і канцэрт.

На думку апазіцыйных лідараў, мітынг не замяняе канцэрту, запланаванага на 24 сакавіка, але павінен стаць лагічным дадаткам, бо ў святкавання Дня Волі застаецца палітычны падтэкст. З іншага боку Дзень волі – сапраўды нацыянальнае свята, а дата належыць усім беларусам, таму адзначаць можа кожны па-свойму, выказвае меркаванне сябра аргкамітэту па святкаванні Дня Волі Павал Белавус.

«Мы не можам ставіцца негатыўна да ініцыятывы палітычных партыяў, бо свята агульнае для ўсіх, таму на нашу думку, чым больш будзе пляцовак, чым больш розных падзеяў, тым гэта лепей для агульнай справы. Таму няма нейкага неадабрэння. Іншая справа – рашэнне чыноўнікаў, дазволы на правядзенне масавых акцыяў. Пабачым, што будзе дазволена грамадзянскай супольнасці ў гэтыя дні для святкавання», – распавёў «Белсату» Павал Белавус.

Беларускае грамадства сёлета адзначыць 101 угодкі стварэння БНР. Для правядзення свята на краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.by вядзецца збор сродкаў.

Hавiны
Апазіцыйныя партыі маюць асобны план на святкаванне Дня Волі
2019.01.28 11:14

СК, belsat.eu

Стужка навінаў