Дзед Мароз Пуціна. Што ён прынёс?

2017 год быў няпросты для Расеі. Сусветныя лідары афіцыйна назвалі расейскую прапаганду пагрозаю для міжнароднага парадку, а допінгавы скандал канчаткова зруйнаваў імідж Масквы ў спорце.

Новы 2018 год абяцае быць не менш насычаны. Прынамсі для Уладзіміра Пуціна, які збіраецца ў чацвёрты стаць гаспадаром Крамля. Ці хтосьці або штосьці можа стаць на ягоным шляху – высвятляла Вольга Жарнасек.

Новы год яшчэ не наступіў, а Крэмль ужо атрымаў свае падарункі. Дзед Мароз наведаў Міністэрства замежных справаў Расеі, каб прачытаць жаданні, атрыманыя ад іншых краінаў:

«Зноў ліст з Амерыкі. Гэтым разам з самога Міністэрства юстыцыі ЗША. Dear Father Moroz, зрабі так, каб «Russia Today» i «Sputnik» зніклі. Ну, рабяты, усё магу, але «Russia Today» прыбраць не магу».

Чаго не можа Дзед Мароз, можа Уладзімір Пуцін. Сярод іншага, стаць прэзідэнтам Расеі чацвёрты раз.

«Дзякуй вам вялікі, я буду выстаўляць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Расейскай Федэрацыі!» – гэтак заявіў кіраўнік Расеі.

Выбары ў Расеі адбудуцца 18 сакавіка, і мала хто сумняецца, што перамога ўжо ў кішэні дзейнага прэзідэнта. Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі галоўнаму апаненту Пуціна апазіцыйнаму палітыку Аляксею Навальнаму. На знак пратэсту заснавальнік Фонду барацьбы з карупцыяй абвесціў усерасейскую вулічную акцыю 28 студзеня.

«Нават калі вы не планавалі за мяне галасаваць і не падтрымліваеце мяне, то з пэўнасцю ў вас усё адно ёсць годнасць і вы лічыце, што самі можаце вызначыць за каго вам галасаваць, і ўсе кандыдаты мусяць быць зарэгістраваныя. Мы абвяшчаем забастоўку выбарнікаў!» – заявіў Аляксей Навальны, заснавальнік Фонду барацьбы з карупцыяй.

Згодна з апытаннямі сацыёлагаў такія заклікі Навальнага трапляюць на ўдзячную глебу. Як вынікае са справаздачы Цэнтру эканамічных і палітычных рэформаў, 2017 год адзначыўся істотным ростам пратэставых настрояў.

Каментуе палітолаг Валерыя Касцюгова:

«Улічваючы ягоныя магчымасці ў збіранні вулічных акцыяў пратэсту, безумоўна, і падчас прэзідэнцкай кампаніі, і тым больш у дзень галасавання будуць вельмі масавыя пратэсты. Асабліва ў дзвюх сталіцах».

На меркаванне эксперткі, у такой сітуацыі вінаваты сам Крэмль і прапаганда, якая льецца з экранаў федэральных каналаў.

«Нагнятанне масавай істэрыі, хвалі нянавісці, якія ідуць з тэлевізара, патрабуюць пэўнай каналізацыі гэтых пачуццяў. І такой каналізацыі спрыяюць як канфлікты, напрыклад, у Сірыі, гэтак і пратэсты супраць Крамля. Гэта проста эмоцыі, іх трэба кудысьці скіраваць», – працягвае Валерыя Касцюгова.

У наступным годзе расейцаў чакае яшчэ менш альтэрнатыўнай інфармацыі з прычыны ўвядзення закону, які дазваляе прызнаваць медыі замежнымі агентамі. Гэты статус могуць атрымаць такія замежныя медыі, як «Дойчэ вэле», дзе працуе дачка забітага апазіцыянера Барыса Нямцова. Напрыканцы лістапада Жанна Нямцова наведала Варшаву, дзе распавяла пра сваё бачанне сітуацыі ў Расеі.

«Я думаю, што вельмі ўскладніцца праца тых медыяў ці расейскіх рэдакцыяў замежных кампаніяў, якія прызнаныя замежным агентам. Гэта праўда, я ўпэўненая, што моцна ўскладніцца дзейнасць. Будзе больш складана шукаць інфармацыю, угаворваць людзей даць каментар і так далей», – лічыць Жанна Нямцова, журналістка «DW Russian».

Не лепш сітуацыя выглядае і на спартовай арэне. Міжнародны алімпійскі камітэт адхіліў зборную Расеі ад удзелу ў зімовай Алімпіядзе-2018 за выкарыстанне дзяржаўнай допінгавай праграмы.

Надзею на паляпшэнне сваёй рэпутацыі Крэмль ускладае на чэмпіянат свету па футболе, які пройдзе ў наступным годзе ў Расеі. На меркаванне спартовага аглядальніка Юрыя Доўнара, поспех спартовай імпрэзы будзе залежаць ад падрыхтоўкі ды антуражу.

Каментуе Юрый Доўнар з выдання «Прессбол»: «Будзе нейкая інфраструктура, зробленая пад гэты чэмпіянат, стадыёны. Якім бы ні быў эканамічны стан, яны або будуць, або не. А вось за антураж, за тое, што будзе адбывацца вакол чэмпіянату, я б непакоіўся».

Шэраг заходніх палітыкаў, у тым ліку дэпутатаў Еўрапарламенту, заклікаюць байкатаваць чэмпіянат у Расеі. Бо спорт – гэта мір. А з мірам Уладзімір Пуцін, які развязаў канфлікт на ўсходзе Украіны, мае мала супольнага. І нават калі адкінуць палітычныя аспекты, поспех чэмпіянату малаверагодны.

«Расея, вядома, у гэтым сэнсе яна не самая выгодная краіна ў плане турызму, у плане колькасці заўзятараў, у плане інфраструктуры зноў жа, у плане жадання туды паехаць», – працягвае спартовы аглядальнік Юрый Доўнар.

Згодна з прагнозамі экспертаў, прэзідэнцкія выбары і чэмпіянат свету па футболе стануць галоўнымі падзеямі для Расеі ў новым 2018 годзе. Аднак яны наўрад ці прынясуць змены ў вонкавую і ўнутраную палітыку Крамля. Хоць шанец на змены заўсёды існуе.

«Заўсёды пералом вельмі цяжка прадказаць. Развалу Савецкага Саюзу амаль ніхто не прадказаў. Ні сацыёлагі, ніхто не прадказаў гэтага», – падкрэслівае Жанна Нямцова.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык 29 снежня

Таксама ў праграме:

  • Як вуж на патэльні. Беларусь Лукашэнкі ў 2018-ым
  • Якімі будуць дачыненні Беларусі з Захадам і Усходам у 2018?
  • Прагноз у інтэрв’ю з Рыгорам Астапеням з Цэнтру новых ідэяў і доктарам палітычных навук Паўлам Усавым.
  • Глабальны прагноз аптыміста

Hавiны