«Дзе месца пахавальнай фатаграфіі?» Беларусы расказваюць, як працаваць з сямейнымі архівамі

У Еўрапейскім каледжы Liberal Arts у Беларусі (ECLAB) завяршыўся курс «Візуальная гісторыя штодзённасці», на якім студэнты аналізавалі аматарскія архіўныя фатаграфіі. Па выніках курсу паўсталі пяць праектаў, якія паказваюць, як сёння можна працаваць са спадчынай.

Леся Пчолка, заснавальніца праекту «VEHA»

– Я працую ў «VEHA» з архіўнай фатаграфіяй беларусаў. На досведзе працы з сямейнымі архівамі быў распрацаваны практыка-арыентаваны курс «Візуальная гісторыя штодзённасці» для ECLAB. На занятках мы разбіралі гісторыю фатаграфіі, яе развіццё і паступовае абясцэньванне. Аналізавалі кантэкст стварэння фота і падзеі штодзённасці. Стаўка была на развагі і свабодную інтэрпрэтацыю.

Леся Пчолка, заснавальніца праекту «VEHA»

Праекты, якія былі створаныя студэнтамі, зусім розныя і вельмі крутыя. Ад вельмі асабістай (балючай для многіх беларусаў) гісторыі эміграцыі да рознабаковай ацэнкі рытуалу пахавальнай фатаграфіі і стварэння сваёй калекцыі фота з розных сямейных архіваў. Рэкамендую прачытаць усе пяць створаных матэрыялаў, каб убачыць, як шмат цікавага можна знайсці ў паўсядзённых рэчах. Кожная фатаграфія ўнікальная і ёсць дакументам нашай гісторыі. Натхняйцеся!

Дзіяна Пінчук. Праект «Па-за альбомам: месца пахавальнай фатаграфіі ў сямейным архіве»

– Мой праект пачаўся з шасці пахавальных фотаздымкаў, якія я знайшла ў «заброшцы» [закінутай хаце – belsat.eu] у роднай вёсцы на Старадарожчыне. Калі я ўбачыла, як яны раскіданыя па падлозе, то склалася ўражанне, што іх нібы выкінулі з фотаальбома, палічыўшы нявартымі сямейнай памяці.

Дзіяна Пінчук

На той момант у мяне ўзнікла шмат пытанняў пра гэтую сітуацыю, пра свае неадназначныя пачуцці да пахавальных фота і наагул пра пахаванне як адзін з асноўных сюжэтаў для фотаздымкаў нашых продкаў.

Праект «Па-за альбомам: месца пахавальнай фатаграфіі ў сямейным архіве»

Удалося сабраць калекцыю з 70 пахавальных фотаздымкаў з розных куткоў Беларусі. Я заўважыла, што гэтыя фотаздымкі людзі даставалі з розных канвертаў, газетных скруткаў, пакетаў, скрыняў. Адкуль хочаш, толькі не з сямейных фотаальбомаў, таму галоўным пытаннем праекту стала «Дзе месца пахавальнай фатаграфіі?».

Праект «Па-за альбомам: месца пахавальнай фатаграфіі ў сямейным архіве»

Гэта больш нагадвае дыялог з сабой, спробу прааналізаваць праз пахавальную фатаграфію стаўленне беларусаў да ўласных сямейных архіваў, асэнсаванне імі важнасці сябе і свайго роду ў гісторыі.

За час працы над праектам я ўпэўнілася, колькі значнай для гісторыі інфармацыі захоўваюць фатаграфіі менавіта з прыватных сямейных архіваў. Я паспрабавала паказаць, што праз пераклад з візуальнай мовы архіўнай фатаграфіі можна прасачыць важныя трансфармацыі ў грамадстве і адказаць на шмат якія пытанні пра культурную спадчыну Беларусі.

Праект «Па-за альбомам: месца пахавальнай фатаграфіі ў сямейным архіве»

Яна Бондар. Праект «Сяброўства і міграцыя»

Яна Бондар

– Тэма адносінаў паміж людзьмі для мяне застаецца прыярытэтнай на працягу ўсяго жыцця. Так выйшла, што ў адзін год (і нават у адзін месяц) у мяне зʼехалі тры блізкія асобы. І праз нейкі час я пачала ўсведамляць, як гэта, калі блізкія людзі не побач з табой, а ты ўжо дарослы. Для мяне зносіны онлайн не роўныя сустрэчы асабіста. Але да ўсяго даводзіцца прывыкаць.

Праект «Сяброўства і міграцыя»
Праект «Сяброўства і міграцыя»
Праект «Сяброўства і міграцыя»

Магчыма, кожны, хто пазнаёміцца з праектам, пражыве нейкія цёплыя ўспаміны, звязаныя з блізкімі людзьмі, якія цяпер жывуць не побач з ім. Усё не вечна: нешта мяняецца, а калісьці і заканчваецца.

Анастасія Пучак. Праект «Касцюм і гендар»

– Мой праект пра касцюм і гендар – спроба паглядзець на праблему ідэнтычнасці, часткай якой ёсць адзенне. Як уплывае на нашую ідэнтычнасць той факт, што з дзяцінства нас хочуць «адзяваць» у адпаведныя нашаму полу касцюмы, прымяраюць на нас прыдатныя гендарныя ролі падчас фатаграфавання ў школьны альбом. Дзяўчынка – абавязкова ў далікатнай сукеначцы, з рушамі, банцікамі, сціплая, паслухмяная. Хлопчык, як будучы воін і абаронца, у касцюме рыцара, каўбоя, супергероя.

Анастасія Пучак

Чаму я занялася даследаваннем гэтага пытання? Напэўна, гэта мая малая дзіцячая траўма: бацькі з дзяцінства паказвалі (і працягваюць перыядычна так рабіць дагэтуль), як я павінна адзявацца – быць дзяўчынкай, на абцасах, з макіяжам, абавязкова ў сукенцы або спадніцы. Усе гэтыя ўказанні, як павінна, выклікалі ўва мне абурэнне. Няўжо, каб цябе ў грамадстве ўспрымалі як жанчыну, абавязкова хадзіць толькі ў спадніцы? Або чаму жанчыны адваявалі сваё права на штаны, а мужчынам хадзіць у сукенцы небяспечна для жыцця, бо не так зразумеюць? Гэта ж усяго толькі адзенне. Думаю, гэтыя пытанні шмат каго хвалююць.

Праект «Касцюм і гендар»

Вікторыя Рагавіцкая. Праект «Падабаецца – захоўвай, а не падабаецца – парві»

Вікторыя Рагавіцкая

– На курсе «Візуальная гісторыя штодзённасці» нам прапанавалі прааналізаваць фота з сямейных архіваў. Я ўзгадала, што ў нашым сямейным архіве вельмі шмат фотапартрэтаў з подпісамі на адваротным баку – і мне стала цікава вывучыць гэтую традыцыю, бо такія рытуалы абмену фота сёння адмерлі.

Праект «Падабаецца – захоўвай, а не падабаецца – парві»

Ідэя спадабалася і іншым хлопцам на курсе – Лёшу Буслейку і Мікіту Балабіну, – і мы разам прааналізавалі традыцыю абмену фота ў цэлым і значэнне такіх фатаграфіяў у сямейных архівах кожнага з нас. Назва праекту «Падабаецца – захоўвай, а не падабаецца – парві» мы спісалі з абароту адной з картак.

Праект «Падабаецца – захоўвай, а не падабаецца – парві»

Мне здаецца, праца з мінулым дапамагае нам асэнсаваць сучаснасць, паглядзець на сваю рэальнасць збоку. У глабальным сэнсе наш праект стаў падставай задумацца пра каштоўнасць чалавечых адносінаў у нашую лічбавую эпоху. А ў асабістым – праца з сямейным фотаархівам дапамагла даведацца больш пра гісторыю сваёй сямʼі, лепш зразумець сваіх блізкіх. У размовах з мамай і бабуляй выявіліся людзі, гісторыі, дэталі, якія раней не ўсплывалі, бо здаваліся нязначнымі.

Сафія і Варвара Філіповіч. Праект «Глядзі і слухай»

Сафія і Варвара Філіповіч

– Ты разглядаеш архіў, то бок нейкі вялікі абʼём візуальнай інфармацыі, і табе здаецца, што ўсё зразумела. Потым пачынаеш задумвацца: «А што ўласна мне зразумела?» – і сутыкаешся з тым, што не ўсё зразумела. Ці нічога не зразумела. Змяняецца паўсядзённасць і візуальная мова, з дапамогай якой мы яе «кадуем».

Праект «Глядзі і слухай»
Праект «Глядзі і слухай»
Праект «Глядзі і слухай»

Мы бралі фота, на якіх намаляваны адзін від дзейнасці, і спрабавалі спачатку расшыфраваць гэтыя фота самі, а потым бралі інтэрвʼю ў бабулі і мамы. Мы працавалі з тэмай сямейнага адпачынку на прыродзе.

Аляксей Братачкін. Гісторык, кіраўнік праграмы «Публічная гісторыя» ў ECLAB

Аляксей Братачкін

– Часта нашыя студэнты і студэнткі інтуітыўна або цалкам свядома робяць праекты, якія трапляюць у самае сэрца нейкіх мала прагавораных тэмаў, звязаных з прыватнай і калектыўнай гісторыяй у Беларусі. Візуальныя сляды мінулага маюць дачыненне да гэтых тэмаў: паміж нараджэннем і смерцю ўсе мы пражываем сваё жыццё, пакідаючы малюнкі і здымкі, якія маюць патрэбу ў расшыфроўванні. Звыклыя калектыўныя фота савецкай эпохі, «дзіўныя» фота пахавання, якія абрастаюць магічнай аўрай у нашых уяўленнях, наіўныя і сентыментальныя надпісы на абароце фотакартак паказваюць нам неверагодны свет прыватнага жыцця, які заўсёды заставаўся ў ценю вялікай палітыкі. Аднаўленне гэтага свету ўключае асабістыя студэнцкія праекты ў нешта большае – у працу з гісторыяй усяго грамадства.

Таня Капітонава belsat.eu

Hавiны