Дырэктарцы беларускамоўнай гімназіі зрабілі вымову за расейскамоўныя класы

Дырэктарка беларускамоўнай гімназіі Дзяржынску Людміла Паўхлеб атрымала вымову за класы з расейскай мовай навучання. Такі адказ атрымалі аўтары петыцыі супраць русіфікацыі навучальнай установы.

У Дзяржынску працуюць 2 школы ды 2 гімназіі, але толькі адна з іх была беларускамоўнай. Але сёлета ў гімназію набралі чатыры расейскамоўныя класы і адзін беларускамоўны. Справаводства таксама перавялі пераважна на расейскую мову.

Падпісанты петыцыі прасілі вярнуць беларускамоўнае навучанне ды справаводства ва ўсе пачатковыя класы гімназіі.

У Расеі выданне з Комі аштрафавалі за артыкулы на мове комі

У адказе з Галоўнага ўпраўлення адукацыі Менскага аблвыканкаму паведамілі, што навучанне ў гімназіі мусіць весціся на беларускай мове, выхаванне – на беларускай і расейскай. За парушэнне статуту падчас прыёму ў першы клас дырэктарцы гімназіі вынеслі вымову, адзначылі ў дакуменце.

У аблвыканкаме таксама заявілі, што замена беларускай мовы навучання на расейскую ў гімназіі не плануецца. Дзяржынскаму ўпраўленню адукацыі, спорту і турызму рэкамендавана забяспечыць дзейсны кантроль за «вызначэннем беларускай мовы навучання пры фармаванні кантынгенту навучэнцаў і сеткі ўстановаў адукацыі».

МГ belsat.eu

Hавiны