Дырэктар гомельскай школы пракаментаваў сітуацыю з настаўніцамі, якія разносяць «лісты шчасця»


Дзмітрый Вострыкаў пацвердзіў belsat.eu, што ведае пра сітуацыю.

На пытанне, ці ўваходзяць кватэрныя візіты са стосамі паведамленняў пра ўключэнне людзей у базу незанятых у эканоміцы ў працоўныя абавязкі настаўнікаў школы-садка № 73, ён адказваць не захацеў. Дадаў толькі, што не шмат настаўнікаў разносяць лісты.

Ва ўпраўленні адукацыі Гомельскага гарвыканкаму belsat.eu запэўнілі, што разносіць лісты настаўнікам ніхто не загадваў.

«У нас няма такіх функцыяў, гэта не нашая праца. Усе паведамленні мусяць накіроўваць поштай. І ніхто зверху такіх загадаў не даваў», – кажа кіраўніца ўпраўлення Людміла Крылісценка.

«Белсат» спрабуе звязацца з Міністэрствам адукацыі ды Упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкаму, але ніхто з чыноўнікаў пакуль недасяжны.

7 студзеня мы пісалі пра шматдзетную маці з Гомля Юлію Ганісеўскую. Паведамленне пра ўключэнне яе ў базу незанятых у эканоміцы прынеслі настаўніцы дзяцей. Дзеянне дэкрэту на Юлію не распаўсюджваецца, бо ў гамяльчанкі чацвёра дзяцей, а малодшай дачцэ яшчэ не споўнілася сямі гадоў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў