З апошняга рэйсу «Сан Хуан» зняліся два маракі. Іх аб’явілі зніклымі памылкова.
Аргентынскія медыі даведаліся пра тое, што два чальца каманды сышлі на бераг перад самым выхадам субмарыны ў мора.
Умберта Вілтэ пакінуў падлодку з-за весткі пра хваробу маці. Камандзір субмарыны вызваліў яго ад рэйса і аплаціў дарогу дадому.
Іншы чалец экіпажу «Сан-Хуан» Адрыян Ротлісбэргер папрасіў вызваліць яго ад рэйса, каб сабраць дакументы для набыцця хаты. Ён сышоў на бераг непасрэдна перад выхадам субмарыны ў мора, а ягонае месца заняў іншы марак.
«Медуза» падае, што Вілтэ і Ротлісбэргер, тым не менш, патрапілі ў спіс зніклых чальцоў экіпажа «Сан-Хуан», які ваенна-марскі флот Аргентыны распаўсюдзіў неўзабаве пасля яе знікнення.
Цяпер абодва мужчыны знаходзяцца на ваенна-марской базе ў Мар-дэль-Плата.
Апошні радыёкантакт з субмарынай «Сан Хуан» адбыўся 15 лістапада, калі яна была ў 430 км ад аргентынскага берагу.
ДД