Прэзідэнт Польшчы: Праўда пра Галакост не можа памерці


Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заклікаў перастаць фальсіфікаваць гісторыю перыяду Другой сусветнай вайны, а таксама выкарыстоўваць Аўшвіц у якасці інструмента для любых мэт. Пра гэта кіраўнік польскай дзяржавы сказаў у сваёй прамове падчас памятнай цырымоніі, прысвечанай 75 гадавіне вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў.

«Фальсіфікацыя гісторыі перыяду Другой сусветнай вайны, адмаўленне злачынстваў генацыду і адмаўленне Галакосту, а таксама выкарыстанне Аўшвіцу ў якасці інструмента для любых мэтаў – гэта апаганьванне памяці ахвяраў, прах якіх рассыпаны ў гэтым месцы. Праўда пра Галакост не можа памерці. Памяць пра Аўшвіц мусіць жыць, каб гэтая трагедыя больш ніколі не паўтарылася», – сказаў прэзідэнт Польшчы.

Анджэй Дуда таксама нагадаў, што Трэці Рэйх у канцлагеры Аўшвіц-Біркенаў пазбавіў жыццяў больш як 1,3 млн чалавек. Сярод ахвяраў былі палякі, ромы, савецкія ваеннапалонныя, але ў першую чаргу габрэі – больш як 1,1 млн чалавек.

«Мы гаворым пра лічбы, а гэта ж розныя людзі, іх лёсы і пакуты. Мы гаворым пра лічбы, хоць, верагодна, ніколі не даведаемся дакладна. Мы гаворым пра лічбы, таму што мы на фабрыцы смерці. Таму што лічбы даюць нам уяўленне аб прамысловым характары здзейсненага тут злачынства», – адзначыў кіраўнік польскай дзяржавы.

Ён таксама казаў аб абавязку, які бярэ на сябе Польшча – «заўсёды клапаціцца аб памяці і берагчы праўду аб тым, што тут адбылося».

Анджэй Дуда нагадаў, што Польшча «першай стала аб’ектам агрэсіі нацысцкай Нямеччыны і апынулася пад акупацыяй (…), стварыла найбуйнейшы ў Еўропе падпольны супраціў Трэцяга Райху, яе салдаты ваявалі з Нямеччынай на ўсіх франтах Другой сусветнай вайны, ад першага да апошняга дня, і шэсць мільёнаў яе грамадзянаў, у тым ліку тры мільёны габрэяў, загінулі ад рук нацыстаў».

«Маю гонар і прывілей аднавіць абавязак, які мы, палякі, узялі на сябе ўжо тады, калі адбываўся Галакост. Тады нашыя папярэднікі рызыкавалі сваймі жыццямі, ратуючы габрэяў ад смерці, першымі неслі свету праўду пра генацыд і патрабавалі адгукнуцца сусветных дзяржаўных дзеячаў. Гэты абавязак мы, сучасныя палякі, таксама ў знак памяці пра нашых гераічных землякоў, такіх як Вітольд Пілецкі і Ян Карскі, паслядоўна выконваем», – дадаў ён ды заклікаў усіх гасцей памятнай цырымоніі, прадстаўнікоў усіх краін і народаў удзельнічаць у гэтай справе.

«Няхай гэта будзе наш агульны абавязак перад тварам апошніх тых, хто выжыў і сведкаў: несці ў будучыню пасланне і перасцярогу ўсяму чалавецтву, якая вынікае з дадзенага месца», – сказаў Дуда.

У 75-ю гадавіну вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў у Польшчы арганізаваны памятныя цырымоніі з удзелам каля 200 ацалелых вязняў, а таксама прадстаўнікі каля 60 дзяржаў і міжнародных арганізацыяў – Рады Еўропы, Еўрапейскай рады, ААН і ЮНЕСКА.

«Белсат» праводзіць прамую трансляцыю з афіцыйнай цырымоніі. Паглядзець яе можна на нашым сайце Belsat.eu, YouTube-канале «Вот так», Facebook-акаўнце «Белсат»-по-русски і ў эфіры тэлеканалу. Пачатак – а 17:15 па Менску і Маскве.

Чытайце і глядзіце па тэме:

ДШ/МВ, belsat.eu

Стужка навінаў