Дождж з трупаў: 5 гадоў таму над Данбасам збілі МН17. Хутка пачнецца суд


5 гадоў таму 283 пасажыры і 15 членаў экіпажу авіярэйсу MH17 вылецелі з Амстэрдаму. Лятак павінен быў прызямліцца ў Куала-Лумпуры, сталіцы Малайзіі. Праз 2 гадзіны 49 хвілін пасля ўзлёту (прыблізна а 16:20 паводле мясцовага часу) у самалёт урэзалася ракета, якую выпусцілі з зенітна-ракетнага комплексу «Бук».

Першы допіс пра той самы «Бук» у Данецку

У паветры самалёт разваліўся на кавалкі і дажджом з палаючага металу і чалавечых целаў упаў у Данецкай вобласці ў раёне населеных пунктаў, якія на момант трагедыі знаходзіліся пад кантролем прарасейскіх сепаратыстаў. Целы некаторых пасажыраў пападалі ў агароды мясцовых жыхароў.

Кантэкст

Ліпень 2014 года. Вайна на Данбасе набірае абароты. Сепаратысты захопліваюць усё большыя тэрыторыі.

Расследаванні

Расследаваннем гэтай катастрофы займалася Рада бяспекі Нідэрландаў і Аб’яднаная следчая група (JIT) пад кіраўніцтвам Нідэрландаў. Расея ў гэтую групу не ўвайшла. Паралельна сваё расследаванне вяло выданне Bellingcat, заснаванае грамадзянінам Вялікай Брытаніі.

З тэхнічнага расследавання катастрофы вынікае, што самалёт збіла ракета. З крымінальнага, што «Бук» быў прывезены з Расеі, а запуск ракеты быў здзейснены з тэрыторыі падкантрольнай сепаратыстам (пасёлак Першамайскі ў Данецкай вобласці).

Журналісты выдання Bellingcat яшчэ ў 2016 годзе апублікавалі справаздачу, ў якой прыйшлі да высновы, што ЗРК «Бук» прывезлі з расейскай 53 зенітна-ракетнай брыгады (сталая дыслакацыя ў пасёлку Маршала Жукава пад Курскам). У верасні 2016 года JIT у сваёй папярэдняй справаздачы пацвердзіла высновы журналістаў. Такія ж высновы ўтрымліваюцца і ў канчатковай справаздачы Абʼяднанай следчай групы, апублікаванай у 2018 годзе. Высновы былі зробленыя пасля аналізу больш за паўмільёна фота і відэаздымкаў, таксама былі апытаныя больш за 200 сведак. Эксперты праслухалі і прааналізавалі 150 000 тэлефонных званкоў.

Крыніца: ru.bellingcat.com

У Расеі свая версія

Расея зняпраўдзіла высновы галандцаў і міжнароднай Абʼяднанай следчай групы. Афіцыйная лінія абароны ў гэтай справе ў Масквы мянялася некалькі разоў. Першапачаткова сцвярджалася, што лятак збілі ўкраінскія баявыя самалёты. У якасці доказу гэтай версіі Уладзімір Пуцін спаслаўся на іспанскага дыспетчара, які нібыта бачыў на сваім экране ў Барыспальскім аэрапорце ўкраінскія штурмавікі побач з МН17. Пра гэта кіраўнік Расеі распавёў у інтэрвʼю Олівэру Стоўну. Цяпер гэты дыспетчар сядзіць у турме за махлярства. Таксама высветлілася, што ён распавёў гісторыю пра штурмавікі тэлеканалу RT за немалы ганарар.

Аб’ектыў
Што думае Пуцін пра збіты над Украінаю самалёт?
2018.05.25 19:22

Пасля была няўдалая спробаў давесці, што ў Расеі ўжо няма ракетаў, якая збіла МН17. Але ў выніку Мінабароны РФ спынілася на тым, што ракета трапіла ў лятак пад іншым вуглом і была запушчаная з іншага месца, а менавіта з пасёлку Зарошчанскае, які на момант катастрофы нібыта не знаходзіўся пад кантролем «паўстанцаў». Афіцыйнасць гэтай версіі пацвердзіў кіраўнік Расеі.

Галоўныя падазраваныя

Самая цікавая частка расследаванняў была апублікаваная месяц таму. Bellingcat і Абʼяднаная следчая група назвалі імёны тых, хто адказваў за перавозку расейскага ЗРК і тых, хто мог «націснуць гузік». 19 чэрвеня на прэс-канферэнцыі JIT на падставе сабраных доказаў былі высунутыя абвінавачванні ў датычнасці да знішчэння летака чатыром падазраваным: грамадзянам Расеі Ігару Гіркіну, Сяргею Дубінскаму і Алегу Пулатаву, а таксама грамадзяніну Украіны Леаніду Харчанка. Цяпер яны ў міжнародным вышуку. Першае судовае паседжанне па справе МН17 адбудзецца 9 сакавіка 2020 года.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў