«Доктарка казала, што не ведае, ці дзіця жывое». Відэазварот маці, якую прызналі вінаватаю ў смерці дачкі


Жыхарка Віцебску Вольга Сцяпанава даслала ў рэдакцыю відэазварот і сустрэлася з нашым карэспандэнтам, каб распавесці падрабязнасці пра падзеі, якія адбываліся пасля смерці яе дачкі, а таксама падчас судовых пасяджэнняў.

У верасні ў Чыгуначным раённым судзе Віцебску прызналі вінаватай Вольгу Сцяпанаву ў смерці яе нованароджанай дачкі. Пасяджэнні суда, якія праходзілі цэлы тыдзень, абвясцілі зачыненымі.

Жанчына і яе адвакаты падалі апеляцыйныя скаргі ў абласны суд. Справа будзе разглядацца 3 лістапада. Пацярпелая не разлічвае, што абласны суд вынесе іншае рашэнне, таму вырашыла распавесці грамадскасці праўду, якая адкрылася ў працэсе судовых пасяджэнняў. Яе мы публікуем без скарачэнняў.

Мне балюча ад таго, што ў краіне, дзе я нарадзілася і вырасла, зусім забытыя паняцці гонару, сумлення, чалавечнасці, справядлівасці і законнасці

17 лютага ў мяне ўдома ў хуткаплынных, вельмі імклівых родах нарадзілася дачка. Гэтую імклівасць, верагодна, як паказала адна з пяці праведзеных экспертыз, справакавала сур’ёзнае ўнутрычэраўнае парушэнне жыццядзейнасці плода. Пасля слабых схватак, якія я прыняла за «трэніровачныя», рушылі ўслед хвалепадобныя, вельмі інтэнсіўныя і бесперапынныя патугі, і ў вельмі цяжкім стане нарадзілася маё дзіця.

Адразу пасля нараджэння была выклікана хуткая. Улічваючы вельмі цяжкі стан нованароджанай, а ён быў звязаны не толькі з парушэннем дыхання, і гэта было відаць, ні пра якое самастойнае аказанне дапамогі гаворкі не ішло. Тое, што я спрабавала спачатку рэанімаваць малую, а потым ужо папрасіла выклікаць хуткую дапамогу, нічым не падмацаваны довад абвінавачвання, якое будуецца на домыслах, і гэта даказана падчас судовага паседжання.

Выклікаючы хуткую, мая мама ў паніцы паведаміла, што дзіця нарадзілася мёртвым, бо скура дзіцяці была сіняя, фіялетавага адценню. Дыспетчар хуткай, не ўдакладніўшы, чаму мая мама вырашыла, што дзіця мёртвае, перадала брыгадзе нагоду да выкліку «Тэрміновыя роды 2: мёртванароджаны».

І на канстатацыю смерці са станцыі хуткай дапамогі не спяшаючыся выехала лінейная брыгада. Ад станцыі да майго дому пешшу хвілінаў 8.

Колер скуры дзіцяці сведчыў аб вострай гіпаксіі, нерэальна вялікая колькасць меконія і адсутнасць рэфлексаў – пра сурʼёзныя, смяротна небяспечныя парушэнні здароўя. Але пупавіна пульсавала, дазваляючы Лізе дыхаць праз крывацёк, гэта давала надзею на тое, што да прыезду хуткай мая дачка будзе забяспечана кіслародам. Я прымусіла сябе ўстаць і перайсці ў ванную. Абмыла дзіцяці і свае рукі, ачысціла рот і нос, расцерла спінку. Скура малой пасвятлела, дзіця стала слаба рэагаваць на пырскі вады і тактыльную стымуляцыю. Пасля нараджэння дзіцяці хвілін праз 8-10 перастала пульсаваць пупавіна.

Мама патэлефанавала ў хуткую паўторна. Дадзены званок таксама зафіксаваны, але запіс размовы быў сцёрты. У судзе высветлілася, што сцерці яе мог толькі адказны за праграмнае забеспячэнне супрацоўнік, які падпарадкоўваецца наўпрост галоўнаму ўрачу.

Толькі калі перастала пульсаваць пупавіна, каб падтрымаць дыханне і сэрцабіенне малой да прыезду хуткай, я пачала рабіць ёй штучнае дыханне.

Лекары хуткай дапамогі паводзілі сябе больш, чым дзіўна

Пазней па раздрукоўках тэлефонных званкоў і матэрыялах крымінальнай справы будзе ўстаноўлена, што лінейная брыгада ехала на выклік 22 хвіліны, пры магчымасці даехаць за 5. Прыбыўшая лекар брыгады Анісімава паправіла мяне, паказаўшы, як правільна рабіць штучнае дыханне такім маленькім дзецям (пры ўдыху захопліваць яшчэ і носік). Я здзівілася, што медыкі адразу ж не забралі дзіця. Тым не менш, я працягнула рабіць штучнае дыханне дачцэ, і ў нейкі момант заўважыла, што побач са мной нікога няма.

Мяне ўстрывожылі такія не характэрныя для хуткай паводзіны, але я падумала, што, магчыма, рыхтуюць патрэбныя прылады або пабеглі ў машыну за рэанімацыйным абсталяваннем. Вырашыла, што не час зараз разважаць, трэба захоўваць спакой і рабіць так, як сказаў лекар.

Калі доктар, нарэшце, вярнулася, я спытала, што адбываецца, яна адказала, што чакаем спецыялізаваную брыгаду. Каб мець магчымасць выйсці з ваннай, папрасіла перарэзаць пупавіну, пасля гэтага перадала дзіця на рукі Анісімавай, сама пабегла апранацца. Краем вока бачыла, як у калідоры стаіць лекар з маёй дачкой на руках і прыгаворвае: «Дыхай, малая, дыхай». Пакуль збіралася, паведамілі, што прыехала другая брыгада. Потым пабеглі ўсе разам уніз. На лесвічнай пляцоўцы на другогім паверсе сустрэлі брыгаду інтэнсіўнай тэрапіі, дзе я перадала дзіця лекару.

«На судзе лекары ілжэсведчылі, што я замінала аказваць дапамогу дзіцяці»

Суд над Вольгай Сцяпанавай

У сваіх паказаннях Анісімава і медсястра Авярэнкава потым скажуць, што я перашкаджала ёй аказаць дапамогу дзіцяці, што я, будучы ў неадэкватным стане (што аспрэчана судова-псіхіятрычнай экспертызай), не аддавала ёй дзіця, патрабавала выклікаць рэанімацыю, што яна толькі пачала чысціць гумавай грушай носік і раток, калі я адабрала ў яе дзіця і, незразумела навошта, выбегла на лесвічную пляцоўку ды накіравалася на вуліцу, дзе была мінусавая тэмпература. Хоць другая брыгада пацвердзіла, што калі мяне сустрэлі, доктар Анісімава ішла побач. На пытанне майго адваката пра тое, што менавіта Анісімава зрабіла для таго, каб забраць малую, яна адказала, што працягнула рукі і сказала «Дайце». І так 4 разы за 15 хвілін знаходжання ў кватэры.

Згодна з клінічнымі пратаколамі, лекар мае права ў такіх выпадках прыцягваць сваякоў, суседзяў, выклікаць міліцыю, псіхіятрычную брыгаду, лекар абавязаная ў даступнай форме растлумачыць, чым небяспечна падобная адмова, нічога з гэтага зроблена не было, таму што Анісімавай ніхто і ні ў чым не перашкаджаў.

Сардэчна-лёгачная рэанімацыя нованароджаных распісана клінічным пратаколам паэтапна, і за 15 хвілін можна было правесці 4-5 цыклаў, уключаючы медыкаментозную тэрапію.

Усё, што адбылося, кваліфікуецца як злачынная бяздзейнасць, нават калі дапусціць, што версія Анісімавай аб маіх нелагічных і неадэкватных паводзінах праўда. Я да самага суда лічыла, што Анісімава проста разгубілася, упершыню апынуўшыся ў такой сітуацыі. Дзівілася, як лекар, мяркуючы па ўзросце дасведчаны, ды яшчэ і выкладчык Віцебскага медычнага каледжа, можа так зрэагаваць. Аднак, на судзе высветлілася, што спецыялізаваную брыгаду выклікала сама Анісімава, значыць, яна ўсё-ткі выходзіла з ваннай, пакінуўшы мяне там адну з дзіцем і што Анісімава сказала, (увага!!!) што не ведае, ці жывое дзіця і ёй патрэбна кансультацыя. І замест рэанімацыі на выклік з падставай «кансультацыя» выязджае брыгада інтэнсіўнай тэрапіі.

«Агаварыла мяне, каб не несці за гэта адказнасць»

Я добра падрыхтавалася да суду, папярэдне перажыўшы ўсе факты і авалодаўшы эмоцыямі, і нават пра тое, як памерла мая дачка, распавядала роўна, без дрыжыкаў у голасе. За 6 судовых пасяджэнняў я не стрымалася і заплакала толькі раз, калі зразумела, што тады рэальна адбылося.

Гэтая жанчына, якая па нейкім непаразуменні зʼяўляецца лекарам, наўмысна ўхілілася ад аказання дапамогі майму дзіцяці, выдатна разумеючы ў якім цяжкім стане знаходзілася Ліза і баючыся, што яна памрэ ў яе на руках. А потым агаварыла мяне, каб не несці за гэта адказнасць. На яе паказаннях, і на ілжывых паказаннях віцебскай экспертызы будавалася гэтая крымінальная справа.

Рэанімавалі мёртвае дзіця?

У 20:28 у лякарні хуткай медычнай дапамогі доктар брыгады інтэнсіўнай тэрапіі ў прыёмным пакоі перадаў маю дачку рэаніматолагу Акімаву, у той час там было яшчэ чалавек пятнаццаць медперсаналу. Яны абступілі шчыльным колам пелянальны столік і нешта абмяркоўвалі. Зразумеўшы, што ўсё гэта зацягваецца, я настаяла, каб неслі дзіцяці ў рэанімацыю.

У рэанімацыі малую падключылі да апаратаў жыццезабеспячэння, зрабілі рэнтген, узялі аналіз крыві, я падпісала згоду на пераліванне крыві дзіцяці. Атрымаўшы вынікі аналізаў і рэнтгена, Акімаў зразумеў, што ў дзіцяці практычна няма шанцаў выжыць, выклікаў намесніка галоўнага ўрача па родадапамозе Платонову Вольгу Леанідаўну і міліцыю. У 21:40 у Лізы спынілася сэрца, яе паспрабавалі рэанімаваць зноў, але ўсе спробы скончыліся праз пару хвілін.

На судзе Акімаў і Платонава сцвярджалі, што майму, нібыта ўжо мёртваму дзіцяці, рабілі рэнтген, не перарываючы непрамы масаж сэрца, і, нібыта ў памерлага дзіцяці каля 21:00 узялі аналіз крыві. А эксперт на судзе сказаў, што такое немагчыма, кроў не пацячэ.

Потым у сваіх паказаннях Акімаў напіша, што непасрэдна ў прыёмным пакоі заінтубіраваў дзіця (увядзенне адмысловай трубкі, якая дае магчымасць дыхаць – belsat.eu), якое не дыхала, праводзіў штучнае вентыляванне лёгкіх мяшком Амбу і вонкавы масаж сэрца, і ў такім вось стане, не перарываючы рэанімацыйных мерапрыемстваў, аднёс дзіця ў палату інтэнсіўнай тэрапіі. Сказаў, што тонаў сэрца не было, што па маім патрабаванні падключыў маё памерлае дзіця да апарата ШВЛ і больш за гадзіну вентыляваў лёгкія без сэрцабіцця. Ягоныя словы пацвердзіла Платонава, якая на судзе прыкінулася ці то глухой, ці то кантужанай. Дарэчы, хто хоць раз бачыў мяшок Амбу і разумее прынцып яго працы, зразумее, што адзін і той жа чалавек не зможа адначасова трымаць дзіцяці, вентыляваць лёгкія мяшком Амбу і пампаваць сэрца, калі толькі ў яго не чатыры рукі. І пры гэтым яшчэ бегам перамяшчацца з прыёмнага пакою ў рэанімацыю.

А беглі мы хутка і доўга, па калідорах і лесвіцах. Гэты забег праз 50 хвілін пасля родаў я запомню назаўжды.

Там майму нібыта ўжо мёртваму дзіцяці рабілі рэнтген, не перарываючы непрамы масаж сэрца, і, нібыта ў памерлага дзіцяці каля 21:00 узялі аналіз крыві. А вось эксперт на судзе сказаў, што такое немагчыма, кроў не пацячэ. Таксама лекары БСМП, выклікаючы міліцыю сказалі, што дзіця рэанімаванае і знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, гэта значыць, жывы, пра гэта сведчыць аўдыязапіс тэлефанавання ды ягоная пісьмовая расшыфроўка ў справе.

У хадзе судовага паседжання высветлілася, што брыгады абедзвюх хуткіх і старэйшы лекар станцыі хуткай дапамогі, (верагодна, каб узгадніць паказанні), знаходзіліся на тэрыторыі больніцы прынамсі дзве гадзіны пасля майго прыезду туды, гэта пацверджана паказаннямі сведак і дакументальна.

20 лютага эксперт Віцебскай судмедэкспертызы Кнырко, якая праводзіла ўскрыццё, сказала, што гісталогія будзе гатовая праз тыдзень і можна будзе забраць цела дзіцяці. Але пасля таго, як я сказала следчаму, што маю намер правесці незалежную экспертызу ў Расеі, мне паведамілі, што цела дзіцяці выдадуць толькі пасля заканчэння следства.

У матэрыялах справы ёсць даведка ад 2 сакавіка 2017 г. аб тым, што паміж следчым Вальковым і экспертам Кнырко адбылася тэлефонная размова, падчас якой эксперт Кнырко патлумачыла, што дзіця нарадзілася абсалютна здаровым, прычынай смерці стала аспірацыя каляплодных водаў.

У гэты ж дзень у дачыненні да мяне заводзяць крымінальную справу. Далей праводзіцца масіраваная інфармацыйная кампанія ў СМІ, паводле якой, я, рэалізаваўшы свой намер правесці роды ўдома, нарадзіла абсалютна здаровае дзіця, якое наглыталася вадзіцы і захлынулася ёю.

Я нібыта спрабавала аказаць дапамогу сама, але няўдала, таму і выклікала хуткую. А калі прыехалі медыкі, я, будучы ў неадэкватным стане, перашкаджала аказаць дапамогу нованароджанай.

А тым часам паказанні бяруцца такім чынам, што атрымліваецца, што мая дачка знаходзілася ў стане клінічнай смерці (сярэдняя працягласць якой 5-7 хвілін) яшчэ на момант прыезду першай брыгады хуткай дапамогі, г.зн. за 1 гадзіну 40 хвілін да смерці біялагічнай. І чуллівыя медыкі вазілі цела майго дзіцяці ў больніцу, а там спрабавалі рэанімаваць цела без сэрцабіення і дыхання амаль 2 гадзіны выключна з-за просьбаў зʼехаўшай з глузду матулі.

Абласное ўпраўленне аховы здароўя выдае заключэнне, што парушэнняў службовых інструкцыяў і клінічных пратаколаў у дзеяннях лекараў не выяўлена.

У дачыненні да мяне заводзяць крымінальную справу, але мае перамяшчэнні ніяк не абмяжоўваюцца, прадстаўнікі следства адкрыта гавораць пра гэта ў СМІ. Мяркую, што мне давалася магчымасць зʼехаць, каб бесперашкодна асудзіць завочна, тым самым, пад пагрозай выканання пакарання, зачыніць мне ўезд у Беларусь і, уціхую, дакументальна перакваліфікаваць смерць майго дзіцяці ў выпадак мёртванароджанага.

Давялося судзіцца, каб выдалі цела дзіцяці

У сакавіку я сутыкаюся з тым, што па даведцы аб смерці дзіцяці, цела нельга вывезці на тэрыторыю Расеі для пахавання, трэба пасведчанне аб смерці і шэраг іншых дакументаў. Для яго атрымання патрэбна даведка аб нараджэнні з радзільні. Платонава ў маёй прысутнасці патэлефанавала на мабільны следчаму Валькову і заявіла, што ні даведку, ні пратакол рэанімацыі не дасць. Збіраю дакументы, падаю пазоў у суд на прызнанне нараджэння дзіцяці, пазоў задавальняюць. У канцы красавіка раблю пасведчанне аб смерці. У маёй дачкі нарэшце афіцыйна зʼяўляецца імя і права на годнае пахаванне на сямейных могілках бацькі. Цяпер Лізу ўжо не запісаць у мёртванароджаныя, і камусьці гэта вельмі не падабаецца.

Вольга Сцяпанава ў судзе

У дзень, калі збіраліся пахаваць дачку, мяне заключаюць пад варту

У пачатку траўня, калі павінна была прайсці цырымонія развітання і наш адʼезд на пахаванне ў Санкт-Пецярбург, мяне затрымалі і ўзялі пад варту да суду.

Следства планавала яшчэ ў траўні завяршыць расследаванне і перадаць справу ў суд. Аднак мой адвакат настаяла на дадатковай экспертызе ў Менску.

У канцы чэрвеня экспертыза была гатовая і ўстанавіла зусім іншую прычыну смерці маёй дачкі: асфіксія плоду і нованароджанага і ўзнікшыя ў выніку гэтага ўскладненні, адначасова выявіўшы шэраг паталогіяў развіцця і функцыянальную недаразвітасць усіх жыццёва важных органаў дзіцяці.

Гэта значыць, маючы вагу, рост і ўзрост 40-тыднёвага плоду, паводле марфалагічных прыкметаў дзіця зʼяўляўся неданошаным і яго ўнутраныя органы не здольныя былі часткова ці цалкам выконваць свае функцыі.

А асфіксія і яе наступствы зʼяўляюцца адной з самых распаўсюджаных прычын дзіцячай смяротнасці. У 2016 годзе, паводле статыстыцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ад асфіксіі ў радзільнях Беларусі памерла 26 нованароджаных.

Увесь час майго знаходжання ў СІЗА аказваўся ціск на майго адваката, каб прымусіць мяне прызнаць віну, на маіх родных, калі яны пісалі скаргі. Маю маці, родную бабулю загінулага дзіцяці, пазбавілі статусу пацярпелай, каб не мела доступу да матэрыялаў крымінальнай справы, і прызначылі пацярпелай прадстаўніка органаў апекі. Уздымаецца пытанне аб канфіскацыі з сямʼі маёй дачкі Насці, пасля чаго мой муж вязе яе ў Пецярбург.

Гульні са статыстыкай

Азнаёміўшыся з матэрыяламі крымінальнай справы і падрабязна вывучыўшы даступную мне інфармацыю, разумею, што гаворка ідзе не толькі аб дыскрэдытацыі хатніх родаў і стварэння прававога прэцэдэнту пакарання за іх насуперак Канстытуцыі Беларусі і міжнародным праве.

Як аказалася, Беларусь на працягу апошніх гадоў паказвае статыстычнае зніжэнне дзіцячай смяротнасці пры падачы дадзеных у СААЗ і ЮНІСЭФ, у тым ліку па ранняй неанатальнай смяротнасці, як адзін з паказнікаў паляпшэння якасці жыцця ў краіне. Атрымаўшы загады ад міністэрства аховы здароўя адносна нараджальнасці, замест рэальных захадаў ва ўстановах аховы здароўя, у тым ліку і ў радзільнях, яшчэ 12-15 гадоў таму пачаліся гульні са статыстыкай.

Дазніжалісяь да таго, што паказнік смяротнасці дзяцей першага месяцу жыцця ў нас ніжэй, чым у Швейцарыі, Ізраілі і ЗША з іх сапраўды развітой, высокатэхналагічнай медыцынай. Натуральна, пагаршаць іх нельга, і за любы выпадак смерці нованароджанага можна паплаціцца пасадай. Таму, амаль усіх памерлых у радзільным доме па дакументах праводзяць як мёртванароджаных. І мне страшна думаць пра тое, колькім нованароджаным у цяжкім стане не дазволілі зрабіць першы ўдых і тым самым не далі ні найменшага шанцу на выжыванне ва ўгоду гэтай самай статыстыцы.

У Віцебску ў мінулым годзе нарадзілася 4125 дзяцей, памерла ва ўзросце да месяца 100

Калі я заказвала дамавінку для Лізы, аказалася, што ў Віцебску ўсяго адно прадпрыемства займаецца вырабам рытуальных тавараў для дзетак ва ўзросце да месяца. Я пацікавілася ў аднаго з рабочых, колькі за мінулы год было падобных замоў. Ён сказаў, што не менш за 100. Прыйшоўшы дадому, я адкрыла сайт Белстату і паглядзела колькасць народжаных за 2016 год у Віцебску – 4 125 чалавек. 100 памерлых на 4125 народжаных – гэта 24 на 1000, пры афіцыйных паказчыках 3 на 1000. І гэта не лічачы тых, каго не сталі забіраць, даручыўшы пахаванне радзільні.

Калі я стала высвятляць прычыны унутрычэраўных паталогіяў развіцця свайго дзіцяці, то аказалася, што клінічная карціна па многіх параметрах адпавядае ўздзеянню радыяцыі.

Кожнае сказанае мной слова я гатовая пацвердзіць дакументальна, таксама як цалкам згодная на апублікаванне пратаколаў судовага паседжання. Суд зрабілі закрытым, каб усё сказанае ня стала здабыткам грамадскасці.

Падрыхтавала Крысціна Авакумова, belsat.eu

Стужка навінаў