Для рэстаўрацыі Крэўскага замку збіраюць камяні праз сацыяльныя сеткі


Дыяметр 30–50 см. Можна прывесці проста ў Крэва і пакласці перад уваходам у замак. Камянёў у беларускім сеціве яшчэ не збіралі. Belsat.eu разбіраўся, да чаго тут Вялікі Кастрычнік і куды ідуць грошы дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі».

Журналіст і краязнаўца Глеб Лабадзенка напісаў на сваёй старонцы ў «Facebook’у» заклік «час збіраць камяні». Допіс прысвечаны Крэўскаму замку: «Усе [камяні – belsat.eu], якія раней вываліліся са сцен, паднятыя з зямлі і ахайна ўстаўленыя на месца, але ясна, што за столькі гадоў разбурэння шмат што расцягалі па будоўлях людзі… Цяпер шукаюць нейкае комплекснае рашэнне праблемы, але, у той жа час, рэстаўратары будуць удзячныя кожнаму, хто прывязе ў Крэва хоць колькі камянёў».

Кастрычнік 2018-га. Фота Сяргея Сцяпанава

Глеб сцвярджае, што фінансаванне на рэстаўрацыю ёсць. Гэты заклік, хутчэй, пра рытуальнае вяртанне гісторыі, да якога можа спрычыніцца кожны.

Крэўскі замак уваходзіць у спіс 38 замкаў, палацаў і замчышчаў дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі». На яе рэалізацыю было выдаткавана больш за 131 млрд недэнамінаваных рублёў [каля 15 млн долараў – belsat.eu], амаль уся сума пайшла з мясцовых бюджэтаў, Менск дапамог толькі сумаю крыху большаю за 2 млрды недэнамінаваных рублёў.

Рэканструкцыя Крэўскага замку, 1301-1500 гг. Фота https://smorgon.org/

На кансервацыю рэшткаў абарончых сцен Крэўскага замку ў Смаргонскім раёне планавалася выдаткаваць каля 5 млрд недэнамінаваных рублёў і скончыць працу ў 2015 годзе. Пры ўсёй значнасці ды высокіх сумах фінансавання тэрміны праграмы працягнутыя да 2020 года.

Руіны Крэўскага замку. Мастак Напалеон Орда, 1873-1883 гг. Фота https://smorgon.org/

Яшчэ ў XVIII стагоддзі Крэўскі замак быў у добрым стане. Цяперашні яго выгляд – вынік стогадовай даўніны. Замак апынуўся на тэрыторыі, захопленай немцамі, больш за два гады трымаў абарону ў літаральным сэнсе на перадавой і 21 ліпеня 1917 года быў амаль цалкам разбураны пасля атакі расейскай артылерыі.

Пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы 1921 года Крэўскі замак апынуўся ў складзе польскай дзяржавы. У канцы 1920-ых польскія адмыслоўцы пачалі кансервацыю рэшткаў Княжацкай вежы, але да рэстаўрацыі тады справа так і не дайшла. З прыходам савецкай улады пра яго зноў забыліся і нават ледзь не знішчылі канчаткова.

Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, сузаснавальнік агенцтва падарожжаў «Куфэрак падарожжаў», у размове з карэспандэнтам «Онлайнеру» распавёў, што дзяржпраграму «Замкі Беларусі» так і не пабачылі ані ў Гальшанах, ані ў Крэве, ані ў Наваградку. Рэстаўрацыйныя працы праводзіліся толькі ў Мірскім і Нясвіжскім замках.

«З усяго задуманага і запланаванага ў далёкім 2002 годзе рэалізавалі на сённяшні дзень не больш за 30 %. Які сэнс ствараць яшчэ адну праграму, калі не выкананая папярэдняя? Два адначасова запушчаныя дзяржаўныя праекты, якія, па сутнасці, аднолькавыя – гэта можна назваць не інакш як распыленне бюджэтных сродкаў».

Фота Яна Булгака, 1930-я

Вяртаючыся ў Крэва, значэнне для спадчыны маюць не толькі муры замку. Тут была падпісаная Крэўская ўнія, пагадненне аб дынастычным саюзе паміж Польскім каралеўствам і Вялікім княствам Літоўскім. Пра тое, што было з Крэўскім замкам да пачатку яго рэстаўрацыі і як да працаў ставяцца мясцовыя жыхары, кажа нарадзінец Смаргоні, мастак Андрэй Анро:

«У цэлым я за рэстаўрацыю, за кансервацыю і за назіранне за разбурэннем, якое так ці інакш адбываецца з нашымі помнікамі архітэктуры, але гэта назіранне мастака. Магчыма, для будучых пакаленняў я часткова б аднавіў Крэўскі замак, уладкаваў унутраных двор, але і пакінуў часткі таго, што ёсць, закансерваваў кавалачак нашага часу максімальна незаўважна.

Фота Яна Булгака, 1930-я

Тое, што я паспеў убачыць у Крэве, а менавіта каменны мур – мне спадабалася, пытанні да сучаснай цэглы і яе формы, хацелася б больш асцярожнай і ўдумлівай працы, з прыцягненнем спецыялістаў з-за мяжы, калі сваіх не маем, але ідэя прывезці свой камень для аднаўлення замку гучыць крута, гэта як пакінуць свой след у гісторыі Беларусі, а пасля прывозіць гасцей і выхваляцца, што вунь той камень прывёз ты, а гэта камень таго. Дарэчы, падобная практыка была ж і раней, калі рабіліся дарогі-брукаванкі і для праезду па будучай дарозе спаганяўся падатак у выглядзе каменя».

Пакуль жа грамадская супольнасць збірае камяні для Крэва на фоне скандалаў з рэканструкцыяй па-беларуску, калі цэгла спалучаецца з пластыкавымі вокнамі і сучаснай металадахоўкай. Напрыклад, у сядзібе Агінскага ў Залессі была адноўленая аранжарэя, вышэйшая за задуманы архітэктарам будынак.

Апроч гэтага, гучаць і пытанні, як будзе пасля рэканструкцыі. Ці будзе ўведзены платны ўваход, як у Нясвіжскім замку. Ці ў Крэўскі замак, камяні для якога збіраюць па ўсёй Беларусі, змогуць уваходзіць усе ахвотныя? А, магчыма, уласны камень і будзе пажыццёвым уваходным білетам.

Леся Пчолка, belsat.eu

Стужка навінаў