Дэпутаты вывучаюць пытанне адмены смяротнага пакарання


Генадзь Давыдзька. Фота – Дар’я Бурякіна / «Tut.by»

Кіраўнік працоўнай групы па адмене смяротнага пакарання Генадзь Давыдзька у размове з «Tut.by» адначыў, што галоўная праблема ў пытанні смяротнага пакарання – магчымасць судовай памылкі. Апроч гэтага, дадае дэпутат, адсутнасць смяротнага пакарання не ўплывае на крымінагенную сітуацыю.

30 студзеня савет Палаты прадстаўнікоў прыняў рашэнне стварыць у Нацыянальным сходзе працоўную групы па вывучэнні пытання аб адмене смяротнага пакарання. Па сутнасці, гэтак будзе называцца працоўная група па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання як інструмента пакарання, якая існуе ў Нацыянальным сходзе з 2010 года.

Старшынём групы стане Генадзь Давыдзька, які кіруе ў Палаце прадстаўнікоў камісіяй па правах чалавека, нацыянальным дачыненням і сродкам масавай інфармацыі.

Паводле дэпутата, назву рабочай групы змяняюць праз «дзяржаўную ўстаноўку па гуманізацыі заканадаўства».

«Гэта нядобра, калі адзін чалавек забівае другога, гэта няправільна. Але грамадская думка, мяркуючы нават па апошніх прысудах, калі былі асуджаныя забойцы, на баку дзяржавы», – заявіў Генадзь Давыдзька.

Паводле Давыдзькі, тым не менш Беларусь павінная рухацца ў рэчышчы адмены смяротнага пакарання

«Я разумею, што адмена смяротнага пакарання ў іміджы краіны будзе нешта значыць для некаторых заходніх структураў. Хоць мне глыбока непрыемна, што яны не прад’яўляюць гэткія прэтэнзіі да іншых, цалкам цывілізаваных, краінаў, як ЗША, Японія. Але, з іншага боку, вывучэнне статыстыкі не супакойвае: наяўнасць або адсутнасць смяротнага пакарання на крымінагенную абстаноўку не ўплывае. Таму нашая працоўная група будзе рабіць высновы», – працягнуў Давыдзька.

Парламентар кажа, што нязгодны з тэндэнцыйным асвятленнем гэтай тэмы ў медыях і грамадскай думкай наконт яе: маўляў, тыя хто «сядзяць на канапе з гамбургерам», кажуць пра асуджанага на смяротнае пакаранне «як пра ахвяру дзяржавы».

«Я б хацеў, каб гаварылі пра злачынцу як пра нелюдзя, які здзейсніў нешта нечалавечае. Але калі мы гаворым пра смяротнае пакаранне, мы ў першую чаргу гаворым пра магчымасць судовай памылкі. Таму смяротны прысуд павінен быць адтэрмінаваны на некалькі гадоў, нельга спяшацца. Або трэба смяротнае пакаранне адмяніць і стварыць такія ўмовы, пры якіх смяротнае пакаранне злачынцу падасца збавеннем. Але тут уступаюць у сілу правы чалавека: мы не маем права здзекавацца з жывым чалавекам. Для ўсіх паказнік – Брэйвік і яго трохпакаёвы турэмны нумар і магчымасць атрымліваць у турме адукацыю. Але мы, напэўна, да гэтага яшчэ не дараслі або, наадварот, мы значна больш цывілізаваная дзяржава, – лічыць Давыдзька.

Беларусь застаецца адзіным у Еўропе і СНД дзяржавай, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. З 1990 года ў Беларусі былі расстраляныя больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Памілавалі толькі аднаго.

Наяўнасць смяротнага пакарання не дазваляе Беларусі прэтэндаваць на чалецтва ў Радзе Еўропы і развіваць дачыненні з заходнімі краінамі. Ілюстрацыйнае фота – ТАСС / Forum

Рада Еўропы і еўрапейскія палітыкі ўвесь час заклікаюць беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Беларусь адмаўляе са спасылкай на рэферэндум 1996 года, падчас якога 80 % удзельнікаў прагаласавалі супраць яе адмены.

У жніўні 2019 года стала вядома, што Беларусь усё ж такі збіраецца распрацаваць дарожную мапу па адмене смяротнага пакарання супольна з прадстаўнікамі Рады Еўропы.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў