Дэпутаты прагаласавалі за дэкрыміналізацыю «дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі»

Палата прадстаўнікоў Беларусі ў другім чытанні ўхваліла выключэнне з Крымінальнага кодэксу артыкула 193.1 («Дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі»).

Адначасова за тыя ж дзеянні ўводзіцца адміністратыўная адказнасць. Адпаведны артыкул – 23.88 КаАП – прадугледжвае штраф да 50 базавых велічыняў, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на «Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend».

Каб законапраект набыў сілу, яго цяпер павінен ухваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Лукашэнка.

Цягам апошніх гадоў беларускія праваабаронцы выступалі з ініцыятывай за адмену крымінальнага артыкулу 193.1, іх падтрымалі міжнародныя арганізацыі. Усяго па гэтым артыкуле былі асуджаныя 17 чалавек, пяцёра былі пазбаўленыя волі. Сярод апошніх – Зміцер Дашкевіч (паўтары гады калоніі за дзейнасць ад імя «Маладога Фронту»), Цімафей Дранчук (1 год калоніі агульнага рэжыму), Мікалай Астрэйка (2 гады), а таксама Андрэй Шалейка і Эніра Браніцкая (6 месяцаў кожнаму), якія назіралі за выбарамі ў 2006 годзе ў складзе арганізацыі «Партнёрства».

КА, belsat.eu

Hавiны