Дэпутаты Еўрапарламенту заклікаюць Еўракамісію задумацца аб санкцыях супраць Беларусі


Дэпутаты накіравалі кіраўніцтву Еўракамісіі ліст, у якім просяць разгледзець магчымасць санкцыяў у дачыненні да беларускіх уладаў, бо яны неаднаразова парушаюць правы і свабоды грамадзянаў, перадае TUT.by.

Еўрапарламент.
Фота: europarl.europa.eu

Ліст падпісаў 31 дэпутат. Яго накіруюць старшыне Еўракамісіі Урзуле фон дэр Ляен і Вярхоўнаму прадстаўніку ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпу Барэлю. Аўтар ліста – еўрадэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус.

«Беларускі ўрад пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі нядаўна абмежаваў дэмакратычныя правы ў краіны напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, запланаваных на 9 жніўня. Ён адправіў у турму кандыдатаў у прэзідэнты, чальцоў апазіцыі і звычайных грамадзянаў падчас пікетаў па збору подпісаў. Таксама шмат паведамлялася аб арыштах журналістаў і блогераў», – гаворыцца ў лісце.

Еўрадэпутаты заклікаюць Еўракамісію заняць больш цвёрдую пазіцыю і перагледзець рашэнне ад 2016 году аб зняцці санкцыяў са 170 прадстаўнікоў беларускага ўраду і кампаніяў.

«Мы рэкамендуем вам пераглядзець і пашырыць спіс санкцыяў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і кампаніяў, якія маюць дачыненне да абмежавання правоў чалавека і дэмакратычных правоў падчас выбарчай кампаніі», – адзначаюць прадстаўнікі Еўрапарламенту.

  • Сёлета выбары прэзідэнта Беларусі адбудуцца 9 жніўня. Праваабаронцы адзначаюць, што кампанія прыняла рэпрэсіўны характар ужо на самым пачатку.
  • Па стане на 3 ліпеня 125 чалавек атрымалі агулам 1800 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу.
  • 246 чалавек атрымалі штрафы агульным памерам амаль у Br 190 тысячаў. Праваабаронцам вядома як мінімум пра 680 выпадкаў адвольных затрыманняў, якія адбыліся ў перыяд з 6 траўня па 1 ліпеня.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў