Выбарчы штаб дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка падрыхтаваў і апублікаваў у сеціве агітацыйны відэасюжэт. Сюжэт уяўляе сабою відэакліп, у якім дэпутат спявае песню.
Асноўным момантам у агітацыйным відэакліпе Ігара Марзалюка стала яго трэніроўка ў спартовай залі. Спарынг-партнёр палітыка шпурляе яго на падлогу. А той у сваю чаргу спявае, што не істотна колькі разоў ён упадзе, «намагаючыся сарваць вясну».
«Белсат» датэлефанаваўся да Ігара Марзалюка і запытаў, як даўно палітык пачаў спяваць, а таксама пра што ж гаворыцца ў яго песні. Але дэпутат адмовіўся каментаваць.
Ігар Марзалюк у Палаце прадстаўнікоў узначальвае камісію па адукацыі, культуры і навуцы. Нарадзіўся і жыве дэпутат на Магілёўшчыне. Цяпер ізноў балатуецца ў Палату прадстаўнікоў па Магілёўска-Ленінскай акрузе № 84.
Раней дэпутат стаў вядомым праз рэакцыю на выступ Лукашэнкі. У інтэрнэце з’явілася шэраг мемаў, як Ігар Марзалюк уважліва слухае кіраўніка краіны, пляскае яму ў далоні. А падчас выступу нават заплакаў.
СК belsat.eu