Дэмакраты вырашыліся на імпічмент Трампу


Палата прадстаўнікоў ЗША гатовая пачаць абмеркаванне афіцыйных абвінавачванняў супраць Доналда Трампа, заявіла спікер кангрэсу Нэнсі Пэласі. Гэта значыць, што дэмакраты прынялі канчатковае рашэнне пра імпічмент у дачыненні да кіраўніка Белага дому, піша Бі-Бі-Сі.

Каб адхіліць ад улады Доналда Трампа патрэбна не толькі рашэнне Палаты прадстаўнікоў, але і згода часткі сенатараў. У сітуацыі, калі большасць у парламенце належыць рэспубліканцам, такі вынік малаверагодны.

«Са шкадаваннем, але таксама з упэўненасцю і пакорай, з пачуццём вернасці нашым заснавальнікам і сэрцам, поўным любові да Амерыцы, сёння я прашу старшыняў нашых камітэтаў распачаць працу над артыкуламі абвінавачванняў», – паведаміла Нэнсі Пэласі, спікер палаты прадстаўнікоў.

Дэмакраты раней заяўлялі, што Доналду Трампу могуць быць высунутыя артыкулы імпічменту як мінімум паводле трох пунктаў – перавышэнне службовых паўнамоцтваў і выкарыстанне офісу прэзідэнта ЗША ў асабістых мэтах, перашкода правасуддзя і перашкода дзейнасці кангрэсу.

У бліжэйшыя дні кіраўнікі шасці камітэтаў кангрэсу, якія вядуць расследаванне ў дачыненні да прэзідэнта ЗША, правядуць закрытыя пасяджэнні. Дэмакраты спадзяюцца, што гэта галасаванне вакол імпічменту можа адбыцца яшчэ да канца снежня.

Сам Доналд Трамп адрэагаваў на рашэнне дэмакратаў яшчэ напярэдадні выступу Нэнсі Пэласі.

«Калі вы збіраецеся аб’явіць мне імпічмент, рабіце гэта цяпер і хутка, каб мы змаглі правесці сумленны суд у сенаце і наша краіна магла вярнуцца да звычайнага жыцця», – напісаў прэзідэнт у сваім Twitter.

Hавiны
Трампа аштрафавалі на 2 мільёны долараў за незаконнае выдаткоўванне сродкаў з яго фонду
2019.11.08 08:31

СК belsat.eu

Стужка навінаў