Дэлегацыю Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю ўзначаліў паляк Роберт Бедронь

Лідар польскай партыі «Вясна» і дэпутат Еўрапарламенту («Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў») Роберт Бедронь абраны главой дэлегацыі Еўрапейскага парламенту па сувязях з Беларуссю.

Крыніца фота – facebook.com/RobertBiedron

Дэлегацыя пачне сваю працу падчас першага пасяджэння ў канцы лістапада.

Прапаноўваючы на гэтую пасаду кандыдатуру кіраўніка партыі «Вясна», еўрадэпутат Лешэк Мілер падкрэсліў, што ён перакананы, што Роберт Бедронь валодае неабходнай кваліфікацыяй, каб кіраваць гэтай дэлегацыяй.

«Акрамя таго, яго палітычны вопыт будзе надзвычай карысны для фармавання будучых адносін Еўрапейскага парламента як з грамадскасцю, так і з беларускімі ўладамі», – заявіў Мілер.

Kolejny sukces Wiosny w Brukseli! ?Dziś zostałem przewodniczącym Delegacji do spraw relacji z Białorusią. Obecnie PE…

Opublikowany przez Roberta Biedronia Czwartek, 26 września 2019

«У цяперашні час Еўрапарламент не падтрымлівае двухбаковага парламенцкага супрацоўніцтва з Беларуссю. Аднак парламенцкія выбары пройдуць у краіне ўжо ў лістападзе, а прэзідэнцкія выбары – у наступным годзе. Я спадзяюся, што гэта створыць новыя магчымасці для паляпшэння ўзаемаадносін, хоць, вядома, выкананне правоў чалавека ў Беларусі застанецца для нас ключавым пытаннем», – сказаў Бедронь пасля свайго прызначэння.

Што такое міжпарламенцкая дэлегацыя Еўрапарламента?

Сёння ў Еўрапарламенце дзейнічаюць 44 міжпарламенцкія дэлегацыі. Яны будуць займацца адносінамі з парламентарыямі ў іншых краінах, рэгіёнах і арганізацыях. Яны нясуць адказнасць за прасоўванне асноўных каштоўнасцяў ЕЗ: дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і асноўных свабодаў і вяршэнства закона.

Усе дэлегацыі па супрацоўніцтве з краінамі былі створаныя ў адпаведнасці з двухбаковымі пагадненнямі паміж ЕЗ і краінамі-партнёрамі.

Беларусь і правы ЛГБТ

Роберт Бедронь – былы дэпутат Сейма, экс-мэр польскага Слупску – адкрыты гей, даўно вядомы ў Польшчы дзякуючы барацьбе за правы ЛГБТ.

У сваю чаргу, у Беларусі палітыкі высокага рангу не аднойчы дазвалялі сабе неадназначныя выказванні наконт прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.

Да прыкладу, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што «лепш быць дыктатарам, чым геем», а таксама падкрэсліваў, што не дапусціць аднаполых шлюбаў і «блакіту» у Беларусі, пакуль ён прэзідэнт.

Пуцін, ЛГБТ, але ні слова пра Крым! Ці Лукашэнка знойдзе агульную мову з Кадыравым?

Таксама экс-міністр унутраных справаў краіны Ігар Шуневіч запомніўся драматычным стаўленнем да сексуальных меншасцяў. У эфіры тэлеканалу ОНТ ён заяўляў:

«Існуе пэўная катэгорыя грамадзянаў, якіх я, – прабачце за слэнг, гэта мой тэрмін, мая дэфініцыя – называю «дзіравыя». Некаторыя з іх зрабілі сабе адтуліны ў тых месцах, якія прыродай не прадугледжаныя».

Прадстаўнікі ЛГБТК+ абурыліся падобнымі выказваннямі. Праваабаронцы адзначылі, што ў Беларусі і без таго высокі ўзровень гамафобіі, што прыводзіла да злачынстваў на глебе нянавісці па прыкмеце сексуальнай арыентацыі.

Любіў форму НКВД, не любіў геяў. Чым запомніўся Шуневіч на пасадзе міністра

cez/СО/ІР belsat.eu

Hавiны