Датэрміновыя выбары ў Вярхоўную Раду Украіны могуць адбыцца 21 ліпеня


Датэрміновыя парламенцкія выбары ва Украіне могуць быць прызначаныя на 21 ліпеня. Пра гэта заявіў лідар фракцыі РПЛ у парламенце Алег Ляшко пасля кансультацыяў у прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, паведамляе 112.ua.

Па словах Ляшко, указ аб роспуску парламента можа з’явіцца ўжо нават 22 траўня.

«Я думаю, што ўказ прэзідэнта, па выніках размовы ён накіруе ліст старшыні парламенту пра правядзенні пазачарговага пасяджэння ВР для змены выбарчага заканадаўства. Верагодна, што выбары адбудуцца 21 ліпеня. Указ можа зʼявіцца заўтра», – сказаў Алег Ляшко.

Таксама ён адзначыў, што яго палітычная сіла будзе прымаць удзел у выбарах.

Раней прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што распускае Вярхоўную Раду, але адпаведнага ўказу пакуль няма. Чакалася, што ўказ аб роспуску парламента будзе першым дакументам, які падпіша прэзідэнт, аднак першым ён падпісаў указ аб уступленні ў правы галоўнакамандуючага.

17 траўня спікер Рады Андрэй Парубій агучыў пра спыненне існавання кааліцыі «Еўрапейская Украіна» пасля выхаду з яе фракцыі «Народнага фронту». Ён таксама заклікаў пачаць абмяркоўваць стварэнне новай кааліцыі.

У сваю чаргу ў камандзе Уладзіміра Зяленскі заявілі, што кааліцыя ў Радзе перастала існаваць задоўга да выхаду з яе «Народнага фронту».

Hавiны
Зяленскі спадзяецца на ўзмацненне еўрапейскіх санкцыяў супраць Расеі
2019.05.21 09:56

СК belsat.eu

Стужка навінаў