Даследаванне: самае важнае свята для беларусаў – свята Незалежнасці

30 чэрвеня адбылася онлайн прэзентацыя вынікаў нацыянальнага апытання «Каштоўнасці і нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў». Даследаванне рабіла кампанія SATIO на замову кампаніяў «Будзьма беларусамі» ды «Годна».

Праз вялікія аб’ёмы даследавання была прэзентаваная толькі адна яго частка, паведаміла каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі» Алена Макоўская.

Даследаванне было праведзенае онлайн з 8 па 20 траўня сярод 1589 поўнагадовых жыхароў розных гарадоў Беларусі, паведаміў кіраўнік даследчых праектаў SATIO Філіп Біканаў.

Чатыры тыпы беларусаў

У выніку даследавання атрымалася падзяліць грамадства на некалькі сегментаў паводле іх стаўлення да нацыянальных каштоўнасцяў – беларускага, савецка-расейскага і касмапалітычнага: свядомыя (11 % апытаных), абыякавыя (25 %), савецкія (34 %) і канформныя (30 %).

Свядомыя з’яўляюцца найбольш яскравымі прыхільнікамі незалежнасці Беларусі, беларускай культуры і мовы.

«Савецкія не азначаюць, што яны хочуць вярнуць у Савецкі Саюз. Гэта людзі, для якіх важнае ўсё тое, што транслявала савецкая ўлада», – заявіў старэйшы даследчык SATIO Алег Алампіеў.

Як адзначыў Біканаў, «абыякавыя – гэта сегмент, які можна трошкі назваць нават беларусафобскім». Яны дагэтуль лічаць беларускую мову вясковай, але ў іх больш выражаны касмапалітызм.

Канформныя ж, паводле яго, – «гэта прадукт беларускай сістэмы», якія «бачаць свет пра прызму таго, што дае дзяржава». Для іх важнае і беларускае, і расейска-савецкае, але менш як для свядомых і савецкіх адпаведна. У прыватнасці, для іх важныя беларуская мова і незалежнасць, але менш важныя дэмакратычныя правы і свабоды.

Беларусы хочуць роўнасці і свабодных выбараў

На думку бальшыні апытаных дэмакратычныя каштоўнасці ў Беларусі не забяспечваюцца. Перадусім гаворка ідзе пра роўнасць усіх перад законам, свабодныя выбары і свабоду ды асабістую недатыкальнасць. Найменш жа прэтэнзіяў да абмежавання карыстання беларускай мовай.

«Свядомыя» найбольш незадаволеныя сітуацыяй са свабодамі, «савецкія» – найменш. Але нават сярод іх найбольш кажуць, што правы і свабоды ў Беларусі не захоўваюцца.

«Гэта сведчыць не толькі пра патрэбу ў неабходнасці свабодных выбараў, але і пра тое, што дзяржава не забяспечвае. Гэта характэрна не толькі для свядомых, але і для ўсіх групаў. Мабілізуюцца не толькі нейкія групы, але ўсе, проста ў рознай ступені. Для адных як канцавая мэта важная нацыянальная дзяржава, для іншых – эканамічны дабрабыт», – адзначыў Біканаў.

Адзінага Дня незалежнасці няма

Даследаванне таксама паказала, што большасць беларусаў (39 %) лічаць галоўным святам краіны афіцыйны Дзень незалежнасці, які святкуецца 3 ліпеня 39 %. 42 % хацелі б, каб яго важнасць у краіне вырасла. Што датычыць Дня волі 25 сакавіка, то тут гэтыя лічбы складаюць адпаведна 6 % і 8 %.

«3 ліпеня – хутчэй свята для канформных, 25 сакавіка – для свядомых», – заявіў Алампіеў.

Таксама ёсць свае прыхільнікі ў святкавання Дня незалежнасці Беларусі 27 ліпеня і 25 жніўня.

Пры гэтым даследаванне паказала, што толькі беларусы хацелі б павышэння важнасці Дня незалежнасці ў дзяржаве, хоць «дэталі і дакладныя дні могуць залежыць ад сегменту».

«Факт, што галоўнае свята мусіць быць звязанае з незалежнасцю. Адносна гэтага ў грамадстве ёсць кансэнсус», – заявіў аналітык BISS Павел Мажэйка.

Беларусы за незалежнасць

Таксама выявілася, што беларусы больш падтрымліваюць аргументы супраць інтэграцыі краіны. Найбольш гэта характэрна для «свядомых» і «канформных», тады як «савецкія» і «абыякавыя» больш схільныя да яе.

«Савецкія імкнуцца не столькі з СССР інтэгравацца, колькі з вобразам СССР у іх галовах. Не трэба думаць, што яны хочуць у Расею, каб трыкалорам хістаць», – заявіў Біканаў.

Але адзначыў ён, нават сярод гэтых групаў шмат людзей не з’яўляюцца прыхільнікамі інтэграцыі.

МГ belsat.eu

Hавiны