«Дармаеды» не будуць прыцягвацца да адміністратыўнай адказнасці. Пакуль


Гэтымі днямі падаткавыя службы актыўна дасылаюць беларусам «лісты шчасця», але заяўляюць, што не будуць прыцягваць да адказнасці тых, хто ігнаруе аплату збору.

Першыя паведамленні непрацоўным беларусам былі накіраваныя ў кастрычніку, тэрмін выплаты па іх быў да 15 лістапада. Тым, каму паведамленні накіроўваліся пасля 15 лістапада, тэрмін аплаты вызначаны на 30 дзён з моманту атрымання паведамлення.

Збор складае 20 базавых велічыняў (1 б. в. на сёння – Br 21). За нявыплату або няпоўную выплату прадугледжаны штраф у памеры ад 2 да 4 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт з абавязковым прыцягненнем да выканання грамадскіх працаў.

Паводле міністэрства па падатках і зборах, паведамленні аб аплаце збору з тых, хто «не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічае менш за 183 дні» дасланыя амаль 73 тыс. беларусам. Збор ужо аплацілі амаль 11 тыс. – амаль 15 % ад усіх выкрытых «дармаедаў».

Спяшацца з аплатаю збору не трэба: улады плануюць унесці змены ў прэзідэнцкі дэкрэт № 3 – ёсць імавернасць, што ў новай версіі пастановы некаторыя «дармаеды» перастануць імі быць.

Прэс-служба міністэрства па падатках і зборах падае, што ў сувязі з магчымым карэктаваннем у прававым акце, прынятае рашэнне пакуль не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці грамадзянаў, якія не аплацілі збор.

Дэкрэт «аб дармаедах» быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам летась у красавіку, і ўжо праз некалькі месяцаў падаткавікі заяўлялі, што некаторыя нормы дэкрэту трэба адкарэктаваць: маўляў, не ўсе «дармаеды» – дармаеды, то бок беспрацоўныя, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Таксама падаткавікі абяцалі, што праверкі беспрацоўных не будуць масавымі, а закрануць толькі тых, хто «жыве не па сродках». Аднак на практыцы паведамленні аб аплаце збору атрымоўваць нават памерлыя.

З неабходнасцю выпраўлення недахопаў у дэкрэце Лукашэнка пагадзіўся толькі на пачатку снежня.

ДД

Стужка навінаў